Мінчанка прайграла грошы мужа ў аршанскім гульнявым клубе і заявіла пра крадзеж

Мінчанка прайграла грошы мужа ў аршанскім гульнявым клубе і заявіла пра крадзеж

Прыхільнасць да азартных гульняў дорага каштавала 57-гадовай мінчанцы. Як піша сайт vitvesti.by, жанчына прыехала ў Оршу, адкуль мелася далей ехаць у Смаленск.

Вольны час яна вырашыла правесці ў гульнявым клубе. Мінчанка настолькі захапілася азартнымі гульнямі, што прапусціла свой рэйс. І хаця ўдача нячаста балавала яе, жанчына працягвала рабіць стаўкі.

Урэшце яна прайграла ўсе грошы, нават знятыя з банкаўскай карткі свайго мужа. Пасля гэтага мінчанка выйшла на вуліцу, дзе стала прасіць грошай у мінакоў, кажучы што яе абакралі. Назбіраўшы пэўную суму, яна вярнулася ў гульнявы клуб і працягнула гульню, але зноў марна.

Каб апраўдацца перад мужам за растрату яго ашчаджэнняў, жанчына вырашыла заявіць у міліцыю, быццам у яе нехта невядомы скраў кашалёк з грашыма. Перад падачай заявы мінчанку папярэдзілі пра адказнасць за заведама ілжывы данос, аднак яна настойвала на сваім.

Цяпер за спробу паказаць сябе ахвярай злачынства яна аштрафаваная судом на 690 рублёў (30 базавых велічынь).

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі