Мінчук краў ровар і заснуў на месцы злачынства
Толькі два дні прабыў на волі мінчук — і трапіўся на крадзяжы ровара, піша агенцтва "Мінск-Навіны".
Здарэнне адбылося на вуліцы Кіжаватава, прычым затрымаў зламысніка сам пацярпелы. Мужчына з сынам вяртаўся дадому і каля пад'езда сутыкнуўся з незнаёмцам, які нёс ягоны ровар, які стаяў на лесвічнай пляцоўцы пятага паверха. Гаспадар пацікавіўся, куды той ідзе з чужым роварам, і пачуў адказ: "На дыягностыку".
Гаспадар выхапіў свой ровар у злачынца. Ад нечаканасці той страціў раўнавагу, зваліўся на зямлю і нават не стаў падымацца. Гаспадар выклікаў міліцыю і хуткую. Медыкі выявілі, што няўдалы злодзей проста моцна спіць.
"Прачнуўшыся, ён распавёў, што ў той дзень ужыў прыкладна 15 таблетак трамадолу — псіхатропнага апіёіднага анальгетыку", — удакладніў падрабязнасці пракурор Кастрычніцкага раёна Юрый Трайкоўскі.
На затрыманага пачалі крымінальную справу. Яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Цяпер затрыманага змясцілі ў следчы ізалятар.
Паведамляецца, што раней мужчына неаднаразова быў судзімы за крадзяжы.