Мінэканомікі правяло нараду “па іпэшніках” без іпэшнікаў

Мінэканомікі правяло нараду “па іпэшніках” без іпэшнікаў

11-га студзеня ў Мінску праходзіць тысячны форум прадпрымальнікаў. Нягледзячы на шматлюднасць мерапрыемства, прадстаўнікоў улады там амаль няма. Адзін з адважных — намеснік кіраўніка Упраўлення гандлю і паслуг Мінгандлю Андрэй Мяшкоў. Яго ў выніку запрашаюць на трыбуну, Шумчанка прыструньвае гарачыя галовы ў зале, Мяшкоў не вельмі ўпэўнена расказвае пра частковую згоду з прадпрымальнікамі. Але толькі не ў самым важным пытанні:

“Адназначна падтрымліваем вашы патрабаванні па накладных, я пра гэта казаў. Мы падтрымліваем вашы прэтэнзіі па ўстаноўцы касавых тэрміналаў. І тое, што было сказана наконт сертыфікацыі… Адназначна, роля нашых партнёраў у межах ЕўрАзЭС, сёння мы гаворым, што Расіі, тут вельмі моцная”, — гаворыць чыноўнік.

І яшчэ абяцае, што да канца тыдня ва ўрадзе разгледзяць складаную сітуацыю з іпэшнікамі і пустымі рынкамі.

Нараду насамрэч праводзяць. Толькі не ва ўрадзе, а ў Міністэрстве эканомікі і не самым прадстаўнічым складам — нават міністраў няма. Кіруе імпрэзай намесніца міністра эканомікі Ірына Касцевіч, прысутнічаюць людзі з іншых ведамстваў.

“З нашых былі намеснік міністра Ірына Наркевіч і начальнік Упраўлення гандлю Віялета Абразоўская. Мяшкова не было, не ездзіў”, — расказваюць у прэс-службе Мінгандлю.

Мінэканомікі правяло нараду “па іпэшніках” без іпэшнікаў

Што робіцца на рынках пасля 1 студзеня (фота)

“Каля паловы пакуль не працуе. Нехта старое распрадаваў, цяпер дакументы робіць на ўсё. Нехта, хто хітрэйшы, узяў адпачынак на месяц, на студзень. Хочуць перачакаць, паглядзець, што будзе. Нешта ж будзе, дзе людзям апранацца?” — чую ад іпэшніцы з крытага павільёна.

Ці цягне мерапрыемства на абмеркаванне праблем іпэшнікаў ва урадзе? Хіба, не. А кіраўнік “Перспектывы” Анатоль Шумчанка кажа, што нават такі фармат, на думку чыноўнікаў, не прадугледжваў удзелу саміх дробных прапрымальнікаў.

“Хто там быў? Нас нават не паклікалі. Нікога з ІП, пра што можна казаць? З намі не раяцца, наша меркаванне не ўлічваецца пры прыняцці рашэнняў. Нас як быццам няма. І атрымліваецца, што сёння Лукашэнка акружыў сябе буйным бізнэсам. Стварылі гэты Савет прадпрымальніцтва, куды ўваходзяць прадстаўнікі буйнога і сярэдняга бізнесу. І яны пад выглядам стварэння роўных умоваў пачынаюць прымаць законы ў дачыненні да дробнага бізнесу, да прадпрымальнікаў. Якія ставяць усіх на вушы і фактычна знішчаюць малы бізнес… Ніхто не дамаўляўся з намі. Указ прымалі без удзелу іпэшнікаў”, — наракае Шумчанка.

І яшчэ дадае, што “канец мядовых гадоў”, анансаваны кіраўніком краіны, прадпрымальнікі перажывуць куды лягчэй, чым самі чыноўнікі.

Што будзе далей? Гэта самае складанае пытанне. На нарадзе ў Мінэканомікі нібыта было прынятае рашэнне, скараціць штрафы для ІП за парушэнні, звязаныя з сертыфікатамі. Вулічны пратэст, арганізаваны некаторымі прадпрымальнікамі пры актыўным удзеле АГП, праваліўся. Прыхільніку дыялогу з уладамі Анатолю Шумчанку пачалі адмаўляць у памяшканнях для новага форума, які быў запланаваны 25-га студзеня ў памяшканні Міністэрства эканомікі, але там перадумалі праз “мерапрыемства з удзелам першых асобаў”. У гатэлі “Беларусь” іпэшнікаў таксама не хочуць бачыць — адміністрацыя выставіла ўмову: не больш за 250 чалавек.

Такім чынам, больш-менш зразумелай сітуацыя стане на пачатку лютага. Да таго часу ў міністэрствах павінны распрацаваць новыя памеры штрафаў і ўдакладніць іншыя моманты (напрыклад, з абавязковай усталёўкай тэрміналаў), а ў большасці афіцыйна сышоўшых у адпачынкі прадпрымальнікаў адпачынкі скончацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі