Мінэканомікі ў 2016 годзе прагназуе рост ВУП на 0,3%
ВУП Беларусі ў 2016 годзе будзе расці на ўзроўні 0,3%. Пра такі прагноз распавёў першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі сёння, 23 кастрычніка, на міжнароднай канферэнцыі “Праблемы прагназавання і дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця”, што праходзіць у Мінску.
“У 2016 годзе пры сусветным кошце на нафту ў 50 долараў за бараль, курсе 63 расійскія рублі за долар мы ў Мінэканомікі бачым магчымым невялікі эканамічны рост у 2016 годзе”, — сказаў намеснік міністра.
Паводле яго словаў, на бліжэйшы год міністэрства бачыць дзве крыніцы для эканамічнага росту: “Першы — экспарт. Валютная палітыка, што праводзіцца, дазваляе падтрымліваць канкурэнтаздольнасць прадукцыі і павялічваць экспарт. Яшчэ адну крыніцу эканамічнага росту мы бачым у больш інтэнсіўным выкарыстанні замежных крэдытных рэсурсаў”.
Акрамя таго, на 2016 год ставіцца задача забяспечыць нулявы дэфіцыт плацёжнага балансу. “За кошт валютнай выручкі і прытоку капіталу па фінансавым рахунку”, — цытуе словы Забароўскага БелаПАН.
Нагадаем, афіцыйны прагноз на 2015 год прадугледжвае рост ВУП на ўзроўні 0,2—0,7%. У студзені—верасні аб'ём ВУП знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года на 3,7%. У 2014 годзе рост ВУП быў 1,6% пры прагнозе 3,3%.
Фота: belta.by