Мінгарсуд пакінуў без змены прысуд усім 15 фігурантам справы пра дамоўныя матчы
Судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда 19 снежня пакінула без зменаў прысуд суда першай інстанцыі ў дачыненні да ўсіх абвінавачаных па справе пра дамоўныя футбольны матчы. Іх апеляцыйныя пратэсты і скаргі пакінутыя без задавальнення. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавяла памочнік старшыні Мінгарсуда Настасся Шыльвян.
Па справе праходзілі 15 чалавек. Сярод іх — дзейсныя гульцы камандаў першай лігі, а таксама два футбалісты, якія завяршылі кар'еру. Сёлета ў кастрычніку суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў усіх іх вінаватымі ў подкупе ўдзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартовых спаборніцтваў. Некаторыя асуджаныя атрымалі да трох гадоў абмежавання волі, іншым былі прызначаныя штрафы.
Справа пра дамоўныя матчы ў першай і вышэйшай лізе краіны атрымала розгалас у ліпені 2016 года, калі супрацоўнікі МУС спынілі дзейнасць групы грамадзян. Спярша аператыўнікі атрымалі інфармацыю аб праведзенай сустрэчы прадстаўнікоў крымінальных структур Украіны, Беларусі і Расіі, дзе абмяркоўвалася магчымасць ўкласці грошы ў арганізацыю дамоўных матчаў. Крыміналітэт спадзяваўся атрымаць вялікія прыбыткі з дапамогай сеткі букмекерскіх кантораў.
Потым праваахоўнікі выйшлі на групу непасрэдных арганізатараў дамоўных матчаў. У яе ўваходзілі грамадзянін Украіны, а таксама шэсць беларусаў, сярод якіх былі прадстаўнікі трэнерскага штаба і гульцы ФК "Прамень". Следства дакументальна даказала подкуп гульцоў і чальцоў трэнерскага штаба ФК "Прамень" і ФК "Ашмяны".