Мінінфарм паведаміў пра блакіроўку сайта, які па начах прадаваў алкаголь
Але ён адчыняецца і працягвае рэкламаваць свае паслугі.
Міністэрства інфармацыі паведаміла пра блакіроўку інфармацыйнага рэсурса bez-probok.by, на якім размяшчалася рэклама алкагольнай прадукцыі, а таксама прапаноўвалася дастаўка спіртнога. Рашэнне аб блакіроўцы сайта было прынятае на падставе звароту Міністэрства гандлю, якое паведаміла пра парушэнне заканадаўства, звязанае з продажам алкаголю, паведамляе БЕЛТА.
Згодна з заканадаўствам, у Беларусі забаронены рознічны гандаль спіртным па-за гандлёвым аб’ектам, а таксама з выкарыстаннем інтэрнэт-тэхналогій. Апроч таго, не дапушчаецца рэклама тавараў, забароненых да рэалізацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам, або дзейнасці, ажыццяўленне якой забаронена заканадаўствам. Таксама забараняецца размяшчэнне (распаўсюд) рэкламы алкаголю па-за месцам іх продажу і ў інтэрнэце.
Як у Мінску ўначы нелегальна прадаюць алкаголь (відэа)
Але рэклама алкаголю і гандаль спіртным сталі не адзінымі прэтэнзіямі да сайта. Міністэрства інфармацыі таксама знайшло там нецэнзурную лексіку.
Пры гэтым сайт bez-probok.by па-ранейшаму даступны для карыстальнікаў. На яго галоўнай старонцы змешчаная рэклама начной дастаўкі алкаголю ў Мінску.
Адзначым таксама, што ў сталіцы продаж алкаголю ў крамах у начны час сутак забаронены.
Фота з архіву