Мінінфармацыі паведаміла пра тры спосабы аўтарызацыі каментатараў на сайтах
Міністэрства інфармацыі паведаміла пра магчымыя спосабы аўтарызацыі каментатараў на сайтах. Як вядома, такая норма прадугледжваецца ў новым законе "Аб СМІ", які Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні.
"Парадак ідэнтыфікацыі карыстальнікаў будзе вызначацца пастановай урада, таму пра канкрэтыку пакуль казаць рана", — асцярожна гаворыцца ў каментары Мінінфармацыі.
Аўтарызацыя карыстальнікаў, магчыма, будзе рабіцца праз SMS: уладальнік інтэрнэт-рэсурсу будзе адпраўляць SMS-паведамленне са спецыяльным кодам на мабільны тэлефон карыстальніка. "Ідэнтыфікацыя можа быць ажыццяўляцца і праз нейкі іншы пэўны канал камунікацыі ў выглядзе адрасу электроннай пошты, акаўнту карыстальніка ў сацыяльнай сетцы", — даюць чыноўнікі іншыя варыянты аўтарызацыі.
Кожны, хто ствараў сабе паштовую скрынку на адпаведных інтэрнэт-сэрвісах, можа ацаніць гэты спосаб аўтарызацыі.
Чыноўнікі Мініфрама спасылаюцца на тое, што іх прапановы не ўнікальныя: "Варта адзначыць, што сёння на большасці інфармацыйных рэсурсаў ажыццяўляецца ідэнтыфікацыя карыстальнікаў тым ці іншым спосабам. Пры гэтым падобныя правілы функцыянавання інтэрнэт-рэсурсаў не ўспрымаюцца карыстальнікамі як замах на свабоду меркаванняў, перакананняў".