Міністр абароны Украіны: сцэнар РФ па ўварванні — акружыць Украіну войскамі

Міністр абароны Украіны: сцэнар РФ па ўварванні — акружыць Украіну войскамі

Расія плануе акружыць Украіну войскамі ўдоўж мяжы ад Брэста да Таганрога па сушы, на двух морах і ў анексаваным Крыме. Таксама чакаецца расійская вайсковая актыўнасць у Прыднястроўі.

Пра гэта заявіў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў на брыфінгу 21 лютага. "Мы ні ў якім выпадку не прымяншаем пагрозу. Яе ўзровень рэальна высокі. Але мы ажыццяўляем прагназаванне ўсіх сцэнароў, выбіраючы нашу тактыку паводзінаў", — цытуе hromadske словы вайсковага міністра.

Паводле звестак Рэзнікава, расійскія войскі будуць абвастраць сітуацыю на ўсходзе Украіны. Гэта будзе суправаджацца іншымі сродкамі ціску: кібератакамі, мініраваннем грамадзянскіх аб'ектаў, спробамі зладзіць беспарадкі пад рознымі падставамі ды інш. 

Пагрозы нападу з тэрыторыі Беларусі Рэзнікаў не бачыць. 

Ён канстатаваў праўдзівасць прагнозу, што расійскія войскі застануцца ў Беларусі і пасля вучэнняў. Аднак цяпер у Беларусі няма кантынгенту, дастатковага для нападу. Па звестках украінскага боку, у Беларусі знаходзяцца 9000 расійскіх вайскоўцаў, а таксама тэхніка і абсталяванне, уключаючы ракетнае ўзбраенне.

Агулам уздоўж украінскай мяжы, па словах Рэзнікава, налічваецца 127 тысяч чалавек наземных войскаў, з улікам ваенна-марскіх сіл і авіяцыі — 147 тысяч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі