Міністр адукацыі: аўтар падручніка не лічыць мэтазгодным ўносіць змены
У Беларусі збіраюцца вырашыць "прававую калізію" наконт аўтарскага права на падручнікі. Пра гэта ў інтэрв'ю sb.by заявіў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Ён нагадаў, што на сённяшні дзень аўтарскае права на падручнікі належыць іх стваральніку.
"Пераглядаем гэты момант, — кажа Іванец. — Валодаць аўтарскімі правамі на ўсе новыя падручнікі цяпер будзе заказчык-дзяржава ў асобе Нацыянальнага інстытута адукацыі".
А пакуль, адзначае міністр, здараюцца сітуацыі, калі да падручніка ёсць заўвагі, а "аўтар не лічыць мэтазгодным ўносіць змены".
Яшчэ адно новаўвядзенне — апрабацыя новых падручнікаў будзе адбывацца не па ўсёй краіне, як гэта робіцца цяпер, а ў канкрэтных школах. І толькі "пасля апрабацыі" будзе друкавацца поўны наклад падручніка.
Да новых падручнікаў мае пытанні і Генпракуратура.
Андрэй Іванец быў прызначаны міністрам адукацыі ў лютым 2022 года. Дагэтуль доктар хімічных навук быў галоўным вучоным сакратаром Нацыянальнай Акадэміі навук, старшынёй Савета маладых вучоных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.