Міністр адукацыі: Сетка агульнай сярэдняй адукацыі эканамічна неэфектыўная
Такое меркаванне выказаў Сяргей Маскевіч на парламенцкіх слуханнях у Палаце прадстаўнікоў на тэму адукацыі.
Па словах міністра, якія перадае БЕЛТА, у заканадаўстве няма якіх-небудзь паказчыкаў, якія стымулююць эканомнае выдаткоўванне сродкаў у сферы адукацыі і адначасова гарантуюць бюджэтную забяспечанасць з прывязкай да навучэнца ці ўстанове.
Абурэнне міністра выклікала наяўнасць класаў, у якіх толькі адзін навучэнец. "Такіх класаў у краіне сёння яшчэ 322. У іх працуюць каля 600 настаўнікаў", — распавёў Маскевіч.
У апошнія гады Мінадукацыі разам з Мінфінам падрыхтавалі шэраг нарматыўных прававых актаў, закліканых змяніць сітуацыю і задаць вектар на павышэнне эканамічнай эфектыўнасці сістэмы адукацыі. Вынікі працы ўстаноў адукацыі будуць суадносіцца з выдаткамі дзяржавы і заробкамі працаўнікоў. Па словах Маскевіча, прывядзенне ў дзеянне распрацаваных падыходаў дазволіць на працягу чатырох гадоў павялічыць паказчык сярэдняй напаўняльнасці класа з 17 да 19 вучняў.
Фота — bymedia.net