Міністр гандлю: Інфляцыя ў Беларусі сёлета не перавысіць 6%
У 2018 годзе інфляцыя ў Беларусі не перавысіць прагнознага паказчыка ў 6%. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" паведаміў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч.
"Мы знаходзімся ў межах планаванай інфляцыі на квартал. Упэўнены ў тым, што сёння няма падстаў казаць пра невыкананне у 2018 годзе даведзенага паказчыка ў 6%", — цытуе БЕЛТА словы міністра.
Чыноўнік падкрэсліў, што яго ведамства кантралюе сітуацыю на рынку малака і малочных прадуктаў. У 2017 годзе міністэрства ўнесла ў пералік дамінантаў амаль усе прадпрыемствы-перапрацоўшчыкі малочнай прадукцыі — гэта 31 прадпрыемства. "Гэта дае нам права рэгуляваць іх дзейнасць у частцы коштаўтварэння", — патлумачыў міністр.
Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю разам з аблвыканкамамі і Мінсельгасхарчу дадзенае даручэнне, каб кошты на малако і малочную прадукцыю выраслі не больш як на 4%. "Калі гэта не будзе выконвацца, у нас ёсць другі варыянт вырашэння пытання — заключэнне з перапрацоўшчыкамі пагадненняў па ўсталяванні гранічнага росту цаны. Пакуль мы гэтую меру не ўжывалі", — заявіў Калтовіч. Па яго словах, пакуль што дамовіліся, што аблвыканкамы будуць кантраляваць закупачныя кошты. Па выніках першага квартала рост коштаў на малако і малочныя прадукты склаў 2,3%.
Таксама міністр распавёў пра схаванае павышэнне коштаў на прадукты. Такое адбываецца, калі кошт не мяняецца, але змяншаецца колькасць прадукту — замест 1 літра прадаецца 980 або 950 г. Па словах Калтовіча, падрыхтаваныя змены ў правілы продажаў, і цяпер гэты дакумент знаходзіцца на экспертызе. "Ён набудзе моц на працягу трох месяцаў пасля прыняцця. Мы плануем, што гэта здарыцца да сярэдзіны лета. Тады на цэнніках будзе паказвацца цана за літр прадукцыі (калі гэта адносіцца да малака), і кошт, які адпавядае ўпакоўцы", — патлумачыў міністр.