Міністр Латвіі: Бяспека БелАЭС — важнае пытанне дыялогу ЕС з Мінскам

Міністр Латвіі: Бяспека БелАЭС — важнае пытанне дыялогу ЕС з Мінскам

Мемарандум аб узаемапаразуменні паміж ЕС і Беларуссю на саміце “Усходняга партнёрства” ў Бруселі можа і не быць падпісаны. Найперш з-за таго, што літоўская дэлегацыя, па словах міністра замежных спраў гэтай краіны Лінаса Лінкявічуса, “будзе дамагацца, каб каментары з нагоды будаўніцтва атамнай станцыі ў гэтым дакуменце былі найменей двухсэнсоўнымі, дакладнымі”.

Пра тое, што “нейкая сур’ёзная дамова” наўрад ці будзе падпісаная 24 лістапада на саміце ў Бруселі, кажа ў каментары Еўрарадыё і міністр замежных спраў Латвіі Эдгар Рынкевіч.

Рынкевіч: “Я не выключаю падпісання спецыяльнай дамовы з Беларуссю, але пакуль мы не знаходзімся на этапе, калі ўсур’ёз абмяркоўваюцца тэкст і дэталі такога мемарандума. Мы б хацелі бачыць, што на пытанне ядзернай бяспекі звернута сур’ёзная ўвага. Мы ведаем, што беларускі бок займаецца бяспекай Астравецкай АЭС, праводзяяцца адмысловыя стрэс-тэсты. Гэтыя пытанні (бяспекі АЭС) мы абмяркоўвалі с беларускімі калегамі. Бо ў нас непарушная пазіцыя: ядзерная бяспека — гэта самае галоўнае.

Мы спадзяемся на развіццё адносін паміж Беларуссю і ЕС. Што ў нас з Беларуссю будзе такая дамова, якая ёсць зараз у ЕС і Арменіі, альбо такая, якая будзе ў ЕС з Азербайджанам. Ці нешта на тое падобнае. Але тут важна зразумець: якога ўзроўню ўцягнутасці ў гэты працэс хоча беларускі бок? Зразумець гэта хутчэй можна праз палітычны дыялог, пошук рашэнняў, чым праз нейкія публікацыі заяў у СМІ. І мы спадзяемся, што ў гэты дыялог паміж ЕС і Беларуссю будзе ўключанае пытанне ядзернай бяспекі. Але калі гэты дыялог набудзе формы больш структураваныя і з’явіцца ў выглядзе мемарандума аб супрацы, узаемапаразуменні, я сказаць не магу”.

Мемарандум аб узаемапаразуменні, які акрэслівае далейшыя кірункі супрацы паміж ЕС і Беларуссю, прадугледжвае фінансавую падтрымку эканамічных і палітычных рэформаў у Беларусі з боку структур ЕС у памеры 136 мільёнаў еўра да 2020 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі