Міністр замежных справаў Беларусі папрасіў не называць рэжым Лукашэнкі "рэжымам"
Сяргей Алейнік выступае ў ААН
Міністр замежных справаў Беларусі выступіў на 78-й сесіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Сяргей Алейнік заклікаў не выкарыстоўваць слова "рэжым" у дачыненні да палітычнага строю, які пабудаваў Лукашэнка.
"Ніхто не мусіць апускацца да абразаў і непаважлівай лексікі, напрыклад, выкарыстання слова "рэжым" у дачыненні да законных уладаў дзяржаў-удзельніц", — заявіў міністр.
Паводле яго слоў, на ўзроўні ААН "неабходна спыніць палітыку астракізму", бо "гэтая практыка супярэчыць самой сутнасці арганізацыі". "Паводле Статута ААН усе яе сябры роўныя! Давайце паважліва і раўнапраўна ставіцца адно да аднога!" — заклікаў Алейнік.
Таксама прадстаўнік рэжыму паразважаў пра магчымасці для вырашэння харчовага крызісу. На яго думку, для гэтага трэба проста зняць санкцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.