Мінкульт: Алексіевіч — выбітны дзеяч, але фармальна яе курыруе Мінінфармацыі

Мінкульт: Алексіевіч — выбітны дзеяч, але фармальна яе курыруе Мінінфармацыі

15 снежня ў Беларусь вяртаецца Святлана Алексіевіч. 10 снежня ў Стакгольме пісьменніца атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Еўрарадыё спытала ў Мінкульта, ці прыдумаў міністр Святлоў, як сустрэць Алексіевіч у аэрапорце і адзначыць падзею на дзяржаўным узроўні.


У прэс-службе міністэрства дадзеных наконт магчымай сустрэчы пісьменніцы няма. А ўвогуле, кажа прэс-сакратар Ілона Немава, гэтым пытаннем мусіць займацца... Міністэрства інфармацыі:


"Пры мне святкаванне падзеі не абмяркоўвалася. І ўвогуле, пра гэта трэба пытацца ў Мінінфармацыі — гэта іх тычыцца ў першую чаргу, бо яны курыруюць пісьменнікаў і кнігавыдаўцоў. Натуральна, Алексіевіч — гэта выбітны дзеяч культуры на сённяшні дзень, у першую чаргу, але фармальна яе курыруе міністэрства інфармацыі".


У Міністэрстве інфармацыі даведацца пра планы святкавання Нобелеўскай прэміі Алексіевіч Еўрарадыё не атрымалася. У прэс-службе Адміністрацыі прэзідэнта пра магчымую сустрэчу пісьменніцы на дзяржаўным узроўні раяць запытацца ў... самой літаратаркі:


"Шчыра кажучы, не ведаю. Гэта трэба ў Алексіевіч пытацца". 

Мінкульт: Алексіевіч — выбітны дзеяч, але фармальна яе курыруе Мінінфармацыі

Нагадаем, на мінулым тыдні Еўрарадыё пацікавілася ў міністра культуры Беларусі Барыса Святлова, якім чынам міністэрства плануе святкаваць "першы беларускі Нобель". Святлоў быў здзіўлены пытаннем, адрапартаваў пра тэлеграму ад міністэрства з віншаваннямі "ад усёй душы" і паабяцаў падумаць, як яшчэ можна адзначыць падзею ў межах міністэрства:


"Якім чынам святкаваць? Ну, давайце, я ў межах Міністэрства культуры падумаю, як яшчэ можна адсвяткаваць, калі чалавек атрымае гэтую ўзнагароду".


Карыстальнікі сацсетак тут жа падхапілі ініцыятыву міністра і адразу пачалі даваць добрыя парады, як можна адсвяткаваць "Нобеля" на дзяржаўным узроўні. 


"Для пачатку — абавязковая сустрэча Алексіевіч у аэрапорце дэлегацыяй з міністрам на чале. І запрашэнне на гарбату", — раяць адны. "Святкуйце, як усе звычайныя людзі святкуюць, калі хочуць некага павіншаваць. Накрыйце стол у сябе дома. Запрасіце сяброў, і падарыце Святлане хаця б букет руж у гэты дзень", — падказваюць іншыя. Пішуць пра салют на Стэле ў гонар Алексіевіч, запрашэнне на размову з прэзідэнтам і гэтак далей.


Тым не менш, не чакаючы цуда ад чыноўнікаў, карыстальнікі сацсетак аб'ядноўваюцца, каб разам зладзіць цёплы прыём нобелеўскай лаўрэатцы ў аэрапорце. Самалёт з пісьменніцай прызямліцца ў 16.35 у Аэрапорце Мінск-2.

Фота: Sergei Grits / AP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі