Мінск не пойдзе на перамовы з Ціханоўскай, бо ў яе толькі 100 тысяч падпісчыкаў
Афіцыйны Мінск не будзе весці перамовы са Святланай Ціханоўскай, бо ў яе мала падпісчыкаў у сацсетках. Пра гэта заявіў Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Юрый Амбразевіч у інтэрв'ю швейарскай тэлерадыёкампаніі "Radio Télévision Suisse". Тэкст інтэрв'ю апублікавала прэс-служба МЗС Беларусі.
Швейцарскія журналісты пацікавіліся, ці пойдзе беларускі ўрад на перамовы са Святланай Ціханоўскай або Каардынацыйнай радай. На гэты дыпламат адказаў: "Паглядзіце, што з сабе ўяўляе Святлана Ціханоўская. Паглядзіце ў інтэрнэце, колькі ў яе падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Гэтая лічба ніколі не перавышала 100 000 чалавек. Гэтым усё сказана".
У Амбразевіча таксама спыталіся аб рэпрэсіях супраць мірных дэманстрантаў. Ён адказаў, што гэтыя словы не пацверджаныя ніякімі пісьмовымі доказамі. А больш за 900 скаргаў на дзеянні сілавікоў, па словах дыпламата, МУС і Следчы камітэт не прызналі абгрунтаванымі. "Такім чынам, няма ніякіх доказаў, якія дазваляюць кваліфікаваць ужыванне сілы з боку органаў правапарадку як празмернае і неправамернае", — робіць ён выснову.
Калі ж у яго спыталіся пра затрыманні, якія праводзяць людзі без апазнавальных знакаў, Амбразевіч заявіў, быццам у Беларусі была спроба дзяржаўнага перавароту: "Жыццё заўсёды складаней, чым на малюнку па тэлевізары. Калі прыгледзецца, мы ўбачым, што дэманстрацыі ў Беларусі са жніўня насілі дваякі характар. Пратэсты ператварыліся ў беспарадкі, і былі сілы, зацікаўленыя ў іх узнікненні. Гэтыя пратэсты былі падрыхтаваныя і каардынаваліся рознымі групамі і інфармацыйнымі каналамі ў сацыяльных сетках. Так што ў пратэстах прысутнічаў той аспект, які мы ў Беларусі кваліфікуем у якасці спробы дзяржаўнага перавароту".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.