Мінскія чыноўнікі: у чытанні кніг могуць быць "прыкметы масавага мерапрыемства"
Адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска адказала на зварот карыстальнікаў skarga.help пра чытанне кніг. Нагодай стала затрыманне беларускіх пенсіянераў, якія 26 лютага чыталі ў электрычцы кнігі беларускіх пісьменнікаў.
Тады на выхадзе з электрычкі "Мінск-Маладзечна" затрымалі больш за дзясятак пенсіянерак. На іх склалі пратаколы паводле "народнага артыкула" 23.34 КаАП — за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Напачатку сакавіка праз skarga.help чыноўнікам быў накіраваны зварот: як такое стала магчыма?
Адпраўнікі звароту атрымалі з Адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска такі адказ:
— "чытанне кніг беларускіх пісьменнікаў заканадаўствам не абмежаванае";
— "чытанне кніг у грамадскіх месцах не забараняецца";
— але "калі чытанне кніг мае прыкметы, якія адносяцца да Закона Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь", дык правядзенне такога чытання павінна ўзгадняцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі, якія прадугледжаны дадзеным Законам".
Як звычайнаму грамадзяніну зразумець, парушае чытанні кніг закон "Аб масавых мерапрыемствах" ці не, як распазнаць "прыкметы, якія адносяцца да закона", — не паведамляецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.