Мінспорту і АБФФ адмянілі "турэцкі збор" для футбольных арбітраў
Арбітр Вольга Цярэшка / фота Вольгі Цярэшка
Мінспорту і АБФФ адмянілі штогадовы замежны збор для беларускіх футбольных арбітраў. Раней, пакуль на палях у Беларусі яшчэ ляжаў снег, суддзі ехалі ў Турцыю і рыхтаваліся да сезона ва ўмовах, блізкіх да рабочых. Але ў 2021-м, на думку чыноўнікаў, можна абысціся без гэтага.
У суддзяў ёсць выбар: рыхтавацца ў Беларусі ці арганізоўваць замежны перадсезонны збор за свае грошы. Са слоў арбітра Вольгі Цярэшка, многія, хто не трапляў на зборы "ад Федэрацыі", і раней рыхтаваліся ў Турцыі "за свае".
— Наогул, арбітр абавязаны сам сябе ацэньваць. І ў цэлым укладвае вельмі шмат у сябе. Але я думаю, гэта немалыя грошы. Гадоў шэсць-сем мне прапаноўвалі правесці самастойна падрыхтоўку для судзейства, і тады гэта каштавала дзесьці 1000 еўра. Гэта пражыванне, харчаванне, і плюс табе пастаянна даюць гульні.
У прэс-службе АБФФ Еўрарадыё расказалі, што адмянілі турэцкі збор "у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй". Праўда, яна не перашкодзіла некалькім беларускім футбольным клубам злятаць на зборы ў Турцыю ў тыя ж даты, калі звычайна праходзілі судзейскія зборы.
— Я думаю, што любы трэнер скажа вам, у чым адрозненне. Розніца ёсць: два тыдні рыхтаваць людзей у цёплай краіне, дзе зусім іншы клімат, і ў нас. Пры марозе -15 градусаў вельмі цяжка выходзіць і настройвацца на гульню. Гэта тоіць у сабе небяспеку траўмаў, небяспеку хвароб, — працягвае Вольга Цярэшка. — Плюсы турэцкіх збораў — гэта і ўмовы надвор'я, і практыка судзейства. У Турцыі знаходзіцца шмат камандаў з найвышэйшай лігі Расіі, Украіны, Польшчы і іншых краін. Ты можаш трапіць на гэтыя матчы, убачыць іншы ўзровень футбола, праявіць сябе.
З 2010 года падрыхтоўка суддзяў у Турцыі стала неад'емнай часткай беларускага футбольнага года. У тым годзе Беларуская федэрацыя футбола далучылася да судзейскай канвенцыі УЕФА і стала атрымліваць дапамогу — 100 тысяч еўра, якія павінны накіроўвацца на развіццё сферы судзейства. Перадсезонныя турэцкія зборы аплачваліся менавіта з гэтых сродкаў. А калі сёлета адмянілі паездку — куды пойдуць грошы?
— Асацыяцыя "Беларуская федэрацыя футбола" на гэтыя мэты [развіццё судзейства. — Еўрарадыё] расходуе больш фінансавых сродкаў, чым дае УЕФА, — кажуць у АБФФ. Маўляў, усё будзе патрачана па прызначэнні, не хвалюйцеся.
Ці такія важныя зборы арбітраў у Турцыі і як іх адсутнасць адаб'ецца на наступным футбольным сезоне, які пачнецца ўжо 12 сакавіка? Вольга Цярэшка кажа, што ёй шкада "спецыялістаў", якія лічаць турэцкія зборы арбітраў адпачынкам для іх.
— Мне здаецца, што арбітры цяпер страчваюць велізарную магчымасць сябе падрыхтаваць да будучага сезона. Ні пра які адпачынак суддзяў у Турцыі нават гаворкі не ідзе: на самай справе гэта вельмі цяжка. Двухразовыя пастаянныя трэніроўкі, тэарэтычныя заняткі... Суддзі адтуль прыязджаюць, скінуўшы некалькі кілаграмаў. Гэта пастаянная праца, нагрузкі даюць вельмі вялікія.
Як гэта адаб'ецца — не ведаю. Толькі сезон пакажа наступствы. А можа, гэта стане і плюсам для нас. Паглядзім... Вядома, хацелася б пачаць сезон і для арбітраў, і для хлопцаў з найвышэйшай лігі без траўмаў і прастуд. Жадаю ўсім толькі здароўя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.