Мінус 22 кілаграмы пасля лакдаўна: досвед даследчыцы Анхелы Эспіносы

Мінус 22 кілаграмы пасля лакдаўна: досвед даследчыцы Анхелы Эспіносы

Набраць вагу ў самаізаляцыі можа кожны, але далёка не кожны здольны пасля ўзяць сябе ў рукі і вярнуць ранейшую форму. Досвед даследчыцы, выкладчыцы і паэткі Анхелы Эспіносы даказвае, што матывацыя — суперская штука, і калі пачаць сістэмна працаваць над сабой, можна дамагчыся, здавалася б, абсалютна немагчымага. За дзевяць месяцаў дзяўчына схуднела на 22 кілаграмы і купіла сукенку сваёй мары. 

Па просьбе Еўрарадыё Анхела пагадзілася падзяліцца сваёй натхняльнай гісторыяй.

Анхела Эспіноса: Я заўсёды была трошкі пышная, што мне, натуральна, не падабалася. Не скажу, што моцна камплексавала, але была не вельмі задаволеная. Нібыта здаровая, але…

У мінулым годзе падчас пандэміі каранавіруса я вельмі моцна набрала вагу. З-за гэтага пачала адчуваць сябе кепска: цяжка было дыхаць. Доктар мне казаў, што з аналізамі ўсё добра, але вага сапраўды вялікая. І калі я нічога не зраблю, могуць пачацца праблемы. Тады я вырашыла ўзяць сваё здароўе ў свае рукі. 

Мінус 22 кілаграмы пасля лакдаўна: досвед даследчыцы Анхелы Эспіносы
"Вырашыла ўзяць сваё здароўе ў свае рукі" / архіў

Cпампавала праграму Myfitnesspal і пачала лічыць калорыі

Я зразумела, што ўсё жыццё ела даволі шмат. Мая асноўная праблема ў тым, што ў мяне невысокі рост, а порцыі, што звычайна ела ці замаўляла ў рэстарацыях, разлічаны на здаровых мужчын, а не на мяне. 

З дапамогай праграмы пачала кантраляваць цукар і соль, разлічваць, колькі вугляводаў, тлушчаў і гэтак далей патрэбна дакладна мне. Каб скінуць вагу, я паменшыла памер порцый. Але галоўнае, што трэба памятаць, гэта каб у рацыёне заставаліся ўсе патрэбныя вітаміны і мінералы. 

Праграма сама ўсё разлічвае, улічваючы пол, рост, актуальную вагу, мэтавую, узровень актыўнасці, наколькі хутка мы хочам худнець. Дарэчы, з яе дапамогай можна не толькі скідаць вагу, але і набіраць ці ўтрымліваць.


Калі адчынілі трэнажорныя залі, пачала хадзіць 

Спачатку займалася спортам нерэгулярна, бо ў мяне была вучоба, практыка і праца. Я скончыла магістратуру ў Іспаніі.

Пасля прыехаў брат, і мы пачалі хадзіць у трэнажорку з ім. Ён паказваў мне, як займаецца сам, я зразумела, што трэба актывізаваць спіну, грудзі, ногі і рукі. Хадзіла пяць, часам нават шэсць разоў на тыдзень. І проста пачала шмат хадзіць. 

Мінус 22 кілаграмы пасля лакдаўна: досвед даследчыцы Анхелы Эспіносы
"Проста пачала шмат хадзіць" / архіў

У нейкі момант зразумела, што мне стала лягчэй 

Канешне, працягвала трымацца дыеты. Стала есці больш бялкоў, бо ўжо займалася спортам.

Фактычна за дзевяць месяцаў у мяне атрымалася скінуць больш за 22 кілаграмы. Цяпер я на так званым утрыманні. Патроху вяртаю калорыі. Ем тое, што мне трэба з маім узроўнем актыўнасці, — ні больш, ні менш. Я важыла шмат, а цяпер мала.

Каб скідваць адзін кілаграм за тыдзень, праграма рэкамендавала мне ўжываць 1200 калорый у дзень. Зразумела, што гэта ўсё індывідуальна і часам кілаграм не скідваецца. Асабліва гэта тычыцца жанчын: могуць быць праблемы з гармонамі ці калі затрымліваецца ў арганізме вада. 

У мяне вага скідалася павольна, але даволі стабільна. Кожны месяц — худнела.

Мінус 22 кілаграмы пасля лакдаўна: досвед даследчыцы Анхелы Эспіносы
"Я важыла шмат, а цяпер мала" / архіў

Жыццё мяняецца

Пачну з плюсаў. Па-першае, я сабе цяпер падабаюся, адчуваю задавальненне, калі гляджу ў люстэрка. Па-другое, я адчуваю сябе больш здаровай. Я магу падымацца па лесвіцы, калі не працуе ліфт, прабегчы да аўтобуса. Я займаюся, мне вельмі падабаецца трэнажорка.

Па-другое, больш людзей пачынаюць ставіцца да цябе лепей: больш ветліва, больш усяго прабачаюць. З аднаго боку, я ўспрымаю гэта як плюс і карыстаюся гэтым, але, думаю, так быць не павінна. Ну як гэта, ставіцца больш лаяльна да людзей, якія худзейшыя? Я тая самая, якой была год таму, той самы чалавек. 

З мінусаў — не радая, што мне стала пісаць шмат вычварэнцаў: “Ой-вэй, такая сексі, давай пазнаёмімся”.

У мяне ёсць свой асабісты сацыяльны капітал: я займаюся навучнай працай, даследаваннямі, працую са студэнтамі. Я не зарабляю знешнасцю. Я не мадэль і не акцёрка, якія сапраўды заўсёды мусяць выглядаць лепш, бо гэта інструмент іх працы. 

 

Раней я не любіла набываць вопратку

Я адчувала, што мне нічога асабліва не падыходзіць. Але, канешне, былі любімыя рэчы. Дарэчы, вельмі сумна развітвацца з гардэробам, бо скінула, канешне, шмат. 

Пакуль адзенне не раздаю, бо баюся, што зноў набяру вагу. Некаторыя рэчы надзяваю, набыла сабе рамень. Большая частка гардэробу засталася ў бацькоў у Іспаніі, я сама зараз жыву і працую ў Варшаве, стала апранацца ў сэкандах. 

Мінус 22 кілаграмы пасля лакдаўна: досвед даследчыцы Анхелы Эспіносы
"Адчуваю задавальненне, калі гляджу ў люстэрка" / архіў

Падтрымка і неразуменне

У мяне ёсць хлопец, гэта публічная інфармацыя, ён пачаў сустракацца са мною, калі я была паўнейшая. Я спадабалася яму, якая ёсць. Калі вырашыла ўзяцца за сябе, ён мяне моцна падтрымліваў: казаў, што гэта не абавязкова, што я яму падабаюся, якая ёсць, але калі для мяне гэта важна і я буду здаравейшая — канешне. Ён заўсёды паважае маё меркаванне і ніколі на мяне не цісне.   

Але канфлікты могуць быць з сям’ёй і сябрамі, якія ведалі цябе пры пэўнай вазе і ў іх кагнітыўны дысананс. Яны не заўсёды разумеюць, што ты сур’ёзна стала кантраляваць сваё харчаванне і чаму б не схадзіць на кібаб ці піва.

Усе навокал задавалі пытанні: “А чаго ты не ясі гэта?”, “А чаго так мала?”, “Ты самая разумная?”, “Аааа, самая здаровая!”

Калі жыла з сям’ёю ў Іспаніі, маці нібыта спецыяльна накладала большыя порцыі. Дахаты нібыта выпадкова прыносілі маё ўлюбёнае печыва.

Я чытала, дарэчы, пра такое. Чамусьці, калі чалавек раптам паляпшаецца, а іншыя стаяць на месцы, у іх пачынаюцца негатыўныя эмоцыі. Тое самае, калі працавалі хлопцы без адукацыі, напрыклад, на заводзе і тут раптам адзін паступіў ва ўніверсітэт. Чалавеку не падабаюцца змены. Ён іх баіцца. 

З іншага боку, магчыма, гэта залежыць ад культуры. Думаю, што ў Беларусі больш значэння надаецца пытанням вагі. У Іспаніі, калі людзі тоўстыя, усім усё роўна, у прынцыпе. А ў Беларусі, у Польшчы, у Расіі я чула такія каментары, маўляў, чаму ты не скідваеш вагу? У Іспаніі ніхто б не дазволіў сабе такога стаўлення да малазнаёмага чалавека. 

Таму, можа, сярод беларусаў скідванне вагі ўспрымаецца пераважна пазітыўна. Як калі чалавек кідае паліць. Большасць, напэўна ж, падтрымае, маўляў, малайчына.

Мінус 22 кілаграмы пасля лакдаўна: досвед даследчыцы Анхелы Эспіносы
"У мяне ёсць свой асабісты сацыяльны капітал" / архіў

Шчыра — не хачу паміраць маладой

Мяне натхніла тое, што я ўбачыла, колькі людзей памірае побач са мной. Мне 28 гадоў, я не старая, але разумела, што могуць пачацца праблемы. Таксама мне хацелася нейкі час пабыць прыгожай. Я не ведала, якой магу быць, каб сабе падабацца. Успрымала сябе — маўляў, што зробіш, такая фігура.

Вядома, што пандэмія, стрэс — мала хто тады не набраў вагі. Але дзякуючы гэтаму крызісу я пачала мяняцца.    

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі