Мінус чарговы СМІ: незалежнае расійскае выданне Znak.com абвясціла аб закрыцці
Рэдакцыі незалежных СМІ вымушаныя згортваць працу ў Расеі / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
У Расіі імкліва скарачаецца колькасць незалежных крыніц інфармацыі. Пра закрыццё абвясціла рэдакцыя інтэрнэт-выдання Znak.com.
"Мы прыпыняем сваю працу ў сувязі з вялікай колькасцю абмежаванняў, якія з'явіліся апошнім часам для працы СМІ ў Расіі", — гаворыцца ў паведамленні выдання.
Пра закрыццё паведаміў расійскі офіс The Village. Рэдакцыя плануе працягнуць працу з Варшавы, паведамляе журналіст Аляксей Півавараў. Напярэдадні рэдакцыя выступіла з заявай, што The Village вымушаюць называць тое, што цяпер адбываецца ва Украіне, не вайной, а "спецаперацыяй". Усе матэрыялы даводзіцца рэдагаваць, і ўсё адно Раскамнагляд учора пачаў блакаваць медыя ў Расіі.
Заблакаванымі да раніцы аказаўся таксама і шэраг іншых незалежных рэсурсаў. СМІ паведамляюць пра складанасці да доступу на сайты "Медузы", BBC, Deutsche Welle і "Радио Свободы". Заблакаваны і сайт томскага навінавага агенцтва ТВ2. Праблемы паўсталі ў карыстальнікаў Facebook і Twitter. Яшчэ ў пачатку тыдня ў Расіі зрабіліся недаступнымі сайты тэлеканала "Дождь" і радыёстанцыі "Эхо Москвы". "Эхо Москвы" пазней і зусім ліквідавалі, а "Дождь" заявіў пра прыпыненне вяшчання.
Акрамя таго, у пятніцу Дзярждума РФ прыняла папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія забараняюць "распаўсюд заведама ілжывай інфармацыі пра ўзброеныя сілы Расіі" і, у прыватнасці, пра так званую "спецыяльную вайсковую аперацыю". У публічнай прасторы Расіі забаранілі называць уварванне ва Украіну вайной, улады патрабуюць выкарыстоўваць тэрмін "спецаперацыя".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.