Міжнародная федэрацыя праверыць, чаму пераследуюць беларускіх лыжніц
Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту высвятляе, чаму пераследуюць беларускіх лыжніц, паведамляе ТАСС. Раней стала вядома, што ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах, як мяркуецца, з палітычных матываў адхілілі Дар'ю Далідовіч і Святлану Андрыюк. Лыжніцы кажуць, што беларускія спартыўныя функцыянеры абвінавачваюць іх у падтрымцы... апазіцыі. У канцы мінулага года Беларускі лыжны саюз дэактываваў індывідуальныя ідэнтыфікацыйныя нумары Далідовіч і Андрыюк. Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту гэта пацвярджае. Цяпер яна звязваецца з беларускай федэрацыяй, "каб атрымаць усю інфармацыю пра згаданых спартсменак".
Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту абяцае абнародаваць новую інфармацыю па справе, калі атрымае яе.
Перад гэтым у міжнародную федэрацыю звярнуўся Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці і заклікаў "разгледзець справу аб дыскрымінацыі Дар'і Далідовіч і Святланы Андрыюк і аднавіць іх у праве ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах". Таксама Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці збіраецца звярнуцца ў Міжнародны алімпійскі камітэт.
Дар'я Далідовіч — дачка вядомага беларускага лыжніка Сяргея Далідовіча.
22-гадовая Святлана Андрыюк плануе з'ехаць у Польшчу — з-за беларускіх спартыўных функцыянераў яна была вымушаная прапусціць кваліфікацыйныя спаборніцтвы, на якіх магла атрымаць ліцэнзію на Алімпіяду ў Пекіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.