Яшчэ адна лыжніца заявіла пра пераслед па палітычных матывах
Ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах беларускія ўлады адхілілі лыжніцу Святлану Андрыюк, перадае DW.
Раней паведамлялася, што такое ж рашэнне было прынятае ў адносінах да Дар'і Далідовіч — дачкі вядомага лыжніка Сяргея Далідовіча.
Дар'я і Святлана кажуць, што ў мінулым месяцы Беларускі лыжны саюз дэактываваў іх індывідуальныя ідэнтыфікацыйныя нумары, неабходныя для ўдзелу ў спаборніцтвах. Гэта было зроблена нібыта па ўказанні кіраўніка Беларускай федэрацыі лыжных гонак Аляксандра Дараховіча, які загадаў забараніць для іх удзел у міжнародных спаборніцтвах і зборах краіны.
22-гадовая Андрыюк з гэтай прычыны была вымушаная прапусціць кваліфікацыйныя спаборніцтвы, на якіх магла атрымаць ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Пекіне. "Яны (спартовыя чыноўнікі) даслоўна абвінавацілі мяне ў тым, што я прыхільнік апазіцыі", — кажа спартоўка.
Цяпер дзяўчына вымушаная пакінуць Беларусь і плануе з'ехаць у Польшчу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.