Міжнародная лыжная федэрацыя (FIS) падоўжыла адхіленне беларускіх і расійскіх лыжнікаў ад спаборніцтваў. Адпаведнае рашэнне прыняў савет FIS.
"Цяперашняя палітыка FIS, якая не дазваляе расійскім і беларускім спартоўцам і афіцыйным асобам удзельнічаць у мерапрыемствах FIS, застаецца ў сіле да далейшага паведамлення", — паведамляе FIS па выніках пасяджэння савета.
Пад эгідай FIS праводзяцца спаборніцтвы па лыжных гонках, скачках з трампліна, фрыстайле, сноўбордзе, горных лыжах.
Пасяджэнне савета FIS адбылося напярэдадні кангрэса Федэрацыі, які пройдзе 25 траўня.
Беларускіх і расійскіх спартоўцаў адхілілі ад міжнародных спаборніцтваў летась пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. Напрыканцы кастрычніка 2022-га FIS падаўжала ўжо рашэнне пра адхіленне.