"Мне не сорамна": апошняе слова Віктара Бабарыкі
Віктар Бабарыка / Еўрарадыё
Сёння, 28 чэрвеня, Віктар Бабарыка выступіў з апошнім словам у судзе па справе топ-менеджараў Белгазпрамбанка.
У сваёй заяве ён падкрэслівае, што няма ніякіх злачынстваў, у якіх ён мог бы прызнацца. І галоўнае — яму не сорамна перад сям'ёй, сябрамі, былымі калегамі і тымі, хто падтрымаў яго ў перадвыбарчую кампанію 2020 года.
Еўрарадыё перадае цалкам апошняе слова Віктара Бабарыкі.
— Высокі суд, паважаныя спадарыні і спадары. Я не буду станавіцца на шлях ацэнкі таго, што адбываецца з пункту гледжання юрыдычнай практыкі, таму што ўсё, што было выказана маімі адвакатамі, я цалкам падтрымліваю і лічу аб'ектыўна прадстаўленай карцінай для ацэнкі і сваім поўным і аргументаваным поглядам і [неразборліва. — Еўрарадыё] выкладам.
Я спынюся на проста чалавечай сітуацыі і магу сказаць, што мне, напэўна, невымоўна ў жыцці пашанцавала. Я шчаслівы чалавек, таму што ў сям'і ў нас не было ніколі ніякіх сумневаў у тым, што твой учынак трэба ацэньваць у першую чаргу з пункту гледжання маральнасці, а не матэрыяльных нейкіх страт.
І простай мовай можна сказаць: трэба пражыць сваё жыццё так, каб табе не было сорамна перад людзьмі, з якімі ты па гэтым жыцці сутыкаўся.
І вось, пажыўшы досыць вялікі кавалак свайго жыцця, знаходзячыся ў гэтай клетцы, я магу дакладна сказаць, што мне не сорамна за сваё жыццё перад людзьмі, з якімі я сутыкаўся.
Мне не сорамна перад сваёй сям'ёй, перад жонкай і дзецьмі. Нават нягледзячы на тое, што сын знаходзіцца ў турме, таму што асноўная віна яго ў тым, што ён мой сын.
Дачка, якая жыве, на жаль, не ў Беларусі і вельмі актыўна падключылася да сітуацыі са мной. І я ёй вельмі ўдзячны, што на самай справе менавіта яна стала не проста памочнікам, але яна стала часткай Беларусі.
Мне не сорамна чаму — таму што перад рашэннем, якое было прынята ў траўні [2020 года. — Еўрарадыё], мы абмяркоўвалі нашу сітуацыю. І яны заўсёды ведалі, што я ніколі іх не падманваў. Яны былі часткай майго жыцця не толькі сямейнай, але і працоўнай. Яны ведалі ўсё пра ўсе праекты, з якімі мы сутыкаліся па працы. І, нягледзячы на тое, што, напэўна, прызнанне ў злачынствах, якіх я не здзяйсняў, гэта было б з пункту гледжання матэрыяльнага больш правільна. Але я іх не падману, я не магу прызнавацца ў злачынствах, якія я не здзяйсняў.
Мне не сорамна перад маімі сябрамі і блізкімі, уключаючы не толькі сваякоў, але і людзей, якія былі са мной па жыцці, у тым ліку і па працы. Не толькі з пункту гледжання падпарадкаванасці, а якія проста па-чалавечы дапамагаюць мне і маёй сям'і вырашаць не толькі рабочыя, але часам і [неразборліва. — Еўрарадыё] праблемы.
Таму што ніколі ў рамках нашых зносін не было дапушчана ніводнага не тое што супрацьзаконнага дзеяння, але нават не было дапушчана ніякага намёку на магчымасць здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў, каб дагадзіць мне ці каму-небудзь яшчэ.
Мне не сорамна перад супрацоўнікамі банка за тое, што разам з імі на працягу 25 гадоў мы зрабілі адзін з найлепшых банкаў гэтай краіны. Яго зрабіла ў тым ліку і каманда, якая знаходзіцца [неразборліва. Магчыма, "у зняволенні". — Еўрарадыё] і якая лічыць сябе злачынцамі. Якая лічыць мяне таксама злачынцам і гаворыць пра тое, што ўсе вось гэтыя дасягненні і іх рашэнні былі прадыктаваныя хабарамі і матываваныя выключна тым, што ім выплачвалі нейкае незаконнае ўзнагароджанне.
Я ведаю, што гэта не так. Таму што ні разу ў жыцці за ўсе гэтыя 25 гадоў гэтыя людзі, якія дапамагалі расці мне і, напэўна, у нейкай частцы, я ўжо не ведаю, у якой, я таксама нейкім чынам дапамагаў ім, не пачулі ні ад мяне, ні ад кагосьці яшчэ, што яны павінны нейкія дзеянні рабіць за штосьці ці ў інтарэсах іншых людзей, акрамя нашых кліентаў, нашых супрацоўнікаў і нашых акцыянераў.
І таму, што б яны тут ні казалі, што б ні казалі іх адвакаты, хай я буду наіўным чалавекам, я ў гэта дагэтуль не веру. Таму мне не сорамна перад імі, таму што я іх ніколі не падманваў.
Мне не сорамна перад нашымі кліентамі, таму што той дэвіз, які напісаны на Белгазпрамбанку — "Белгазпрамбанк — энергія тваёй будучыні", — у поўнай меры рэалізоўваўся ўсе гэтыя гады, калі мы працавалі ў гэтым банку.
І найярчэйшым прыкладам, я лічу, менавіта вось гэтага ёсць тыя праекты, якія былі рэалізаваныя і цяпер ёсць часткай абвінавачанняў.
Людзі, якія сталі з пачатковага пункта, у якім адны былі проста з ідэяй, другія думалі, як бы закрываць бізнес ці ўвогуле нічога, стварылі найбуйнейшыя кампаніі не толькі Белгазпрамбанка, але і Беларусі.
Гэта кампаніі — найбуйнейшыя падаткаплацельшчыкі, якія даюць працу людзям і, што самае галоўнае, я пра гэта таксама казаў, гэта кампаніі, якія дапамагалі фармаванню таго самага сярэдняга класа, які ўваходзіць у паняцце "місія Белгазпрамбанка".
І таму мне не сорамна перад кліентамі, нягледзячы на тое, што было сказана, што гэты поспех, уласна, быў рэалізаваны выключна ў рамках гвалту над кліентамі, прымушаючы іх рабіць нейкія супрацьпраўныя дзеянні, прымушаючы іх даваць нейкія ўзнагароды за іх поспех.
І мне не сорамна перад тымі людзьмі, якія ў мінулым траўні, 12 траўня, калі я прыняў рашэнне вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, паверылі ў мяне і сталі сябрамі майго штаба. Тое, што яны зрабілі, ацэньваецца ў мільёны долараў. За гэта яны нічога не атрымалі. Напэўна, толькі пазбаўленне волі, матэрыяльных выгод і ўсяго астатняга.
Мне не сорамна перад сябрамі ініцыятыўнай групы, якія на другім этапе падтрымалі і літаральна за дзесяць дзён сфармавалі больш за 10 тысяч прыхільнікаў, якія прыцягнулі сотні тысяч людзей, што паставілі подпісы за маю кандыдатуру, і гэтыя людзі, вось сотні тысяч, паверылі, што той вобраз будучыні Беларусі, у якой можна пабудаваць краіну з агульначалавечымі каштоўнасцямі на базе павагі да асобы.
З магчымасцю зрабіць так, каб гэта была краіна не персаніфікаваная: "Я ведаю, чаго вы хочаце". Не. Мы хочам жыць у краіне, у якой мы ведаем, што мы хочам.
Я быў сумленны перад імі, таму што я не хаваў сваёй маёмасці, сваёй праграмы і за вельмі кароткі перыяд, крыху больш за месяц, я ўбачыў тую Беларусь, тых людзей, у якіх не проста ёсць шанц. У якіх, я ўпэўнены, яшчэ будзе Беларусь усмешлівая, сумленная, адкрытая.
І безумоўна, гэта мая ацэнка, і мне не сорамна. Але, каб быць аб'ектыўным, вядома, трэба было б даведацца і адваротны бок. Ацэнку гэтага ўсяго з пункту гледжання, а ці сорамна ім за мяне?
На жаль, ужо больш за год я знаходжуся ў СІЗА. Не проста ізаляваная мая фізічная свабода, але і практычна адсутнічаюць крыніцы доступу да інфармацыі.
За гэты час усяго толькі адрасатаў 10-15 прарвалася да мяне, і я атрымліваю іх лісты з рэгулярнасцю адзін-два на тыдзень. І таму, калі я жыву ў абмежаванай інфармацыйнай прасторы, я не ведаю дакладна меркавання людзей пра мяне і як яны ацэньваюць мае ўчынкі.
Але я ведаю пэўныя факты, і я буду абапірацца на іх. Я ведаю, што мноства людзей, якія былі з намі ў штабе, валанцёраў, сябраў ініцыятыўнай групы працягнулі тое, што было пачата. Працягнулі працу. Я не назаву гэта вайной, таму што гэта частка іх жыцця па пабудове той Беларусі, пра якую мы гаворым, хай і коратка.
— Абвінавачваны Бабарыка, я вас вымушаны перапыніць, паколькі закранаеце абставіны, якія не маюць дачынення да справы, — кажа суддзя Ігар Любавіцкі.
— Я лічу, што гэта датычыцца…
— Я прашу вас гэта ўлічыць.
— Добра.
— Працягвайце, калі ласка.
— Значыць, я буду сціслы. Гэтыя людзі за свае ўчынкі, многія з іх ахвяравалі матэрыяльным дабрабытам, свабодай, а асобныя нават і жыццямі. І я ўпэўнены, што ім не павінна быць сорамна за мяне. Таму што я дакладна гэтаксама стараўся быць сумленным перад імі і не здзяйсняў ніякіх дзеянняў супраць заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку крымінальнага.
Я не ведаю інфармацыі пра стаўленне кліентаў да мяне за выключэннем тых, хто знаходзіцца тут, каго прыводзілі сюды ў кайданках як сведак, але я ведаю простыя лічбы.
У той час, калі банкам валодала ў тым ліку і [неразборліва. — Еўрарадыё], асядальнасць кліентаў была больш за 95 працэнтаў. Гэта значыць, што менш за 5 працэнтаў, становячыся кліентамі Белгазпрамбанка, сыходзілі з банка. Я не веру ў тое, што яны сыходзілі таму, што іх прымушалі рабіць нешта, што ім не выгадна.
Іх, як кажуць тыя кліенты, якія знаходзяцца на лаве падсудных, прымушалі нешта рабіць. І аказваецца, уся іх рэалізацыя мары па ператварэнні ў паспяховых бізнесменаў было навязана супрацоўнікамі банка.
Я ўжо не ведаю, наколькі гэта добра ці правільна. Але мне здаецца, што ўсё-ткі гэтыя лічбы гавораць пра тое, што не павінна быць сорамна кліентам Белгазпрамбанка за той менеджмент, які быў сфармаваны.
Я не ведаю меркавання супрацоўнікаў Белгазпрамбанка, таму што тыя супрацоўнікі, якія гаварылі, зноў жа, частка з іх знаходзіцца тут, частка з іх прыводзілася ў кайданках. Але я не пачуў ні ад аднаго чалавека, які ўстаў за той бок бар'ера пра тое, што яму сорамна было працаваць пад кіраўніцтвам гэтых людзей.
І я бачыў супрацоўнікаў Белгазпрамбанка, што прыходзяць сюды. Мне здаецца, што частцы, я не ведаю, якой частцы, ім таксама не павінна быць сорамна, у тым ліку і за мяне.
Я не ведаю меркавання сяброў маіх, блізкіх дакладна, таму што я яго не чую, асабліва тых, хто гэтаксама, як і я, знаходзіцца ва ўмовах абмежавання волі, але я бачыў сваякоў гэтых людзей, я бачыў іх у гэтай зале. Ні адзін з іх, я не ўбачыў, каб адчуваў пачуццё непавагі да мяне. Можа, я памыляюся, але я не думаю, што яны прыходзілі проста паглядзець. Я думаю, яны прыходзілі выказаць падтрымку.
Але я ведаю, і гэта дакладна, тую ацэнку, якую мне паставілі самыя важныя людзі — мае дзеці. Яны сказалі, гэта я дакладна ведаю: "За тату не сорамна".
І на заканчэнне сваёй прамовы я хачу сказаць, што наша жыццё — гэта не спрынт, калі можна рвануць, альбо выбрацца потым адпачываць, альбо зрабіць нешта дрэннае, забыцца і перабегчы гэту дыстанцыю.
Наша жыццё — гэта марафон. Мы не ведаем яго працягласці. Не ведаем дату пачатку і дату фінішу. Але на гэтай дыстанцыі мы заўсёды апынаемся ў сітуацыі, калі даводзіцца рабіць выбар. Часам гэты выбар будзе цяжкі, таму што выбар у розных плоскасцях: матэрыяльная выгада і маральныя каштоўнасці.
І ў нас заўсёды ёсць два моманты. Першы. Мы заўсёды кажам: "Мы робім дрэнна, таму што нас прымусілі, таму што нас папрасілі і мы страцім працу, прэмію, кватэру, пасаду і ўсё астатняе".
Але не гэта важна. У душы мы заўсёды кажам: мы гэта робім не для сябе, а дзеля нашых дзяцей, дзеля нашых блізкіх, дзеля тых, кім мы даражым. Мы апраўдваем сябе, што мы ахвяруем сабой дзеля нашых дзяцей.
Дык вось што я вам магу пажадаць усім: каб вы на любой частцы вашай дыстанцыі, на любой частцы вашага выбару менавіта ад гэтых людзей пачулі тое самае меркаванне: што ім за вас не сорамна. Дзякуй!
Пракурор патрабуе прысудзіць Віктара Бабарыку да 15 гадоў пазбаўлення волі. Рашэнне суда будзе абвешчана 6 ліпеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.