“Мост”, дзень другі ці як Земфіра спявала пра Міхалка (фота)
На другі дзень фестываль набраў абароты і ўразіў сваёй атмасферай.
У другі дзень фестываль жывой музыкі “Мост” набірае абароты. Публіка прыбывае, пад сцэнамі пыл стаіць слупам — энергію, якая сыходзіць ад “Слот”, “Bullet for my valentine”, “Дай Дарогу!” стрымаць проста немагчыма.
“Уражанні ад удзелу ў фэсце ў нас даволі яскравыя, — прызнаецца на прэс-канферэнцыі лідар “ДД!” Юра Стыльскі. — Мы ўпершыню ўдзельнічаем у імпрэзе такога маштабу, і ў нас нібыта ўсё атрымалася. Увогуле, прыкольны фестываль такога разгорнутага кшталту. Адзінае, мне падаецца, што тут не хапае якіх-небудзь картынгістаў ды скалалазаў — экстрэмалаў, карацей”.
Апроч музыкі, на фэсце, як і ў першы дзень, можна “набіць” фестывальнае тату, адпачнуць у мяккіх крэслах, пастраляць у ціры, пакатацца на атрыкцыёнах. Праўда, з ежай арганізатары прагадалі — есці хочацца, а шашлыкі з цыбуляй і кавалкам хлеба за 75 тысяч не ўсім па кішэні.
Але, нягледзячы на гэта, паступова вымалёўваецца атмасфера фестывалю, якой не было ў першы дзень оўпэн-эйра.
“Падабаецца атмасфера, дзвіжуха, людзі добрыя. Ну, і мы чакаем Земфіру — у асноўным з-за яе і прыйшлі сюды, — дзеляцца ўражаннямі сяброўкі-наведвальніцы. — Нейкіх музычных адкрыццяў мы для сябе не зрабілі, але людзей адкрылі — мы не думалі, што ўсё насамрэч можа быць так крута. І ў прынцыпе, някепска арганізавана”.
Праўда, уражанне таго, што публіка прыйшла на пэўныя выступы, а не на фэст, не пакідае. Пра гэта сведчыць абыякавасць гледачоў да адных каманд і ігнор іншых. Дарэчы, фестываль “Мост” збірае 13 гуртоў. Публіка сноўдае між дзвюма сцэнамі — пакуль на адной сцэне настройваюцца “Bullet for my valentine”, на другой граюць Akute.
“У нейкі момант здавалася, што ў Беларусі вымерла нейкая пэўная дзіжуха, рок-н-рольны рух. А тут мы ходзім і бачым мільён фрыкаў, якія так жа адрываюцца, як гэта робяць на фэстах Ўкраіне, Польшчы і Літве!” — са здзіўленнем канстатуюць факт Akute.
Літоўцы Biplan, калі б не ўдзельнічалі ў “Мосце”, абавязкова б адрываліся на польскім фэсце Heinеken — сёння там граюць Blur. Аднак “Мост”, кажа лідар гурта Макс Мельман, — таксама добры варыянт:
“Калі глядзець на ўсё, што адбываецца знутры, то, натуральна, гэты фэст — не Heinеken, аднак ён на добрым узроўні, тым больш, што праходзіць упершыню. Я вельмі спадзяюся, што фэст будзе мець працяг”.
А потым выходзіць Земфіра — кволая, у чорнай сукенцы, стомленая і з шалёнай энергетыкай. Відавочна, што на сцэне яна адчувае сябе дыскамфортна. “Тупа зрабіце што-небудзь з гукам, каб я сябе чула”, — кідае тэхнікам і выбачаецца перад публікай з кветкамі: “Так цяжка сёння спяваецца… Я так стамілася, так стамілася”.
“Без шансов”, “Жить в твоей голове”, “Город”, “Пьяный мачо”, “Хочешь”, “Искала” — песні спявачкі 15 гадоў скараюць сваёй глыбінёй і жаноцкасцю. Земфіра віншуе ўсіх з днём незалежнасці, уражваецца цёплым прыёмам і абяцае прыехаць у снежні з вялікім канцэртам у Мінск-Арэну. А потым выходзіць на два “бісы”. У апошнім — “Если бы” — артыстка між радкамі песні ўзгадвае Сяргея Міхалка: “Если бы вы пустили Михалка в Беларусь”…
Хацелася б, натуральна, каб Міхалка з “Ляпісамі” усё ж пусцілі ў Беларусь, таксама, каб у наступным годзе “Мост” больш пяшчотна паставіўся да фэнаў, падумаў пра недарагую і смачную ежу, пусціў фатографаў бліжэй да сцэны і прывёз Элтана Джона. Ну, і крыху менш людзей у пагонах, хоць, напэўна, ад арганізатараў гэты факт не залежыць.
Нязменны басіст "Дай дарогу!" Кірыл Скам'ін
Bullet for My Valentine
Уладзімір Пугач на канцэрце Земфіры