МУС "прабівае" дазвол міліцыянерам выступаць у судзе пад выдуманымі імёнамі
МУС Беларусі "прабівае" дазвол міліцыянерам выступаць у судзе пад выдуманымі імёнамі. Прапанова аб унясенні адпаведных зменаў у Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях ужо паступіла ў Палату прадстаўнікоў. Яе падпісаў міністр унутраных спраў Юрый Караеў, паведамляе TUT.by. Сцвярджаецца, што гэта неабходная абарона для сілавікоў-сведкаў у працэсах, на якіх аказваецца ціск. А агучванне ў судзе іх сапраўдных прозвішчаў, зробленыя фота, відэа стваралі б праблемы.
Караеў піша пра "неабароненасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў падчас разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях у адносінах асоб, якія ўдзельнічалі ў незаконных масавых мерапрыемствах". У МУС хацелі б, каб не толькі не разгалошваліся сапраўдныя звесткі пра сведку-міліцыянера, але і яму не трэба было з'яўляцца ў суд, які мог бы праходзіць і ў закрытым рэжыме.
Змены гэтыя яшчэ не прынятыя, а ў судах ужо зафіксаваныя выпадкі, калі сведкі выступалі пад іншымі прозвішчамі, хавалі свае твары пад маскамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.