Мужчына, які наехаў на дзяўчыну ў намёце, асуджаны на 6 гадоў калоніі-пасялення

Мужчына, які наехаў на дзяўчыну ў намёце, асуджаны на 6 гадоў калоніі-пасялення

У Баранавічах 22 кастрычніка суд вынес вырак аўтамабілісту за ДТЗ са смяротным вынікам.

Гаворка ідзе пра здарэнне, якое адбылося 25 ліпеня на беразе возера ў Баранавіцкім раёне. Як паведамлялася раней, кампанія маладых людзей адпачывала і выпівала. Пад раніцу 26-гадовы нецвярозы мужчына хацеў адагнаць аўтамабіль "Вольва", але наехаў на турысцкі намёт. 21-гадовая дзяўчына, якая спала там, загінула на месцы здарэння.

Агляд выявіў у крыві кіроўцы канцэнтрацыю этылавага спірту 1,6 праміле.

Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызнаў мужчыну вінаватым у парушэнні правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека. Як паведамляе БелаПАН, парушальніка прысудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні. Ён пазбаўлены права кіраваць транспартам на 5 гадоў.

Таксама суд спагнаў з абвінавачанага 150 млн рублёў маральнай кампенсацыі на карысць маці загінулай дзяўчыны. На момант вынясення прысуду ён паспеў выплаціць ужо 15 млн рублёў.

На судзе мужчына прызнаў сваю віну і чыстасардэчна пакаяўся. Прысуд яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

Фота: sk.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі