Мужу не дазволілі спатканне з журналісткай Кацярынай Андрэевай

Мужу не дазволілі спатканне з журналісткай Кацярынай Андрэевай

Ігару Ільяшу не дазволілі спатканне з яго жонкай — журналісткай Кацярынай Андрэевай, якая знаходзіцца пад вартай з 15 лістапада. Пра гэта Ігар напісаў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку.

Адказ на хадайніцтва падпісаў старшы следчы Ігар Курыловіч. Адмову ў спатканні ён патлумачыў тым, што журналістка... нібыта можа схавацца ад следства.

"Курыловіч тлумачыць адмову ў спатканні тым, што Каця нібыта можа схавацца ад правасуддзя і аказаць "незаконнае ўздзеянне на асоб, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе". Толькі вось маё хадайніцтва было не аб змене меры стрымання. Я там прасіў не адпусціць Кацю з турмы, а хутчэй нават наадварот — упусціць у турму мяне, каб мы маглі з ёй убачыцца. Я разумею, што ў эпоху масавых рэпрэсій праца следчых СК зводзіцца да бясконцага Copy+Paste з дакумента ў дакумент, але ж трэба, каб скапіяваны тэкст хаця б па сэнсе пасаваў", — пракаментаваў адмову Ільяш. 

Дарэчы, адначасова Ільяш атрымаў яшчэ адну адмову: следчы Курыловіч адмовіўся вярнуць тэхніку, якую канфіскавалі з яго кватэры 24 лістапада. "Тады супрацоўнікі ГУБАЗіК, прыкрыўшыся пастановай на арышт маёмасці Каці, забралі з кватэры тры тэлефоны, ноўтбук і айпод. Пры гэтым чатыры з пяці адзінак тэхнікі належалі асабіста мне, а зусім не Каці. Дык вось усе яны прызнаныя цяпер "рэчавым доказам", якія "могуць служыць сродкамі па ўстанаўленні фактычных матэрыялаў справы". Гэта значыць, рэчдокам стаў нават стары непрацоўны iPhone, якім я не карыстаўся з пачатку 2019 года, а не выкідваў толькі таму што там было шмат фатаграфій першых гадоў нашага сумеснага з Кацяй жыцця", — дадаў журналіст.

Кацярыну Андрэеву разам з аператаркай Дар'яй Чульцовай затрымалі 15 лістапада, калі яны вялі стрым з "Плошчы Перамен". Ім выставілі абвінавачанне ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія грубпа парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі