Мытны камітэт: наркотыкі Банкаўскасу фізічна не маглі падкінуць

Наркотыкі ў машыну літоўскага паліцыянта Лайманаса Банкаўскаса беларускія мытнікі альбо памежнікі не падкідвалі. Пра гэта Еўрарадыё заявіў начальнік упраўлення па барацьбе з кантрабандай і адміністратыўнымі мытнымі правапарушэннямі Мытнага камітэта Андрэй Міхалькевіч.
Міхалькевіч: “Супрацоўнікі мытні, памежнікі фізічна не маглі гэтага зрабіць. Калі догляд транспартнага сродку праводзіцца на пункце пропуску, калі вы перасякалі мяжу, то бачылі, што паўсюль стаяць камеры назірання. У тым ліку і для таго, каб потым аналізаваць – наколькі законнымі і прафесійнымі былі дзеянні супрацоўнікаў. Калі ж нейкія іншыя сітуацыі, то следства з імі разбіралася”.

Па яго словах, прычынай уважлівага догляду машыны Банкаўскаса стала наяўнасць у ёй занадта вялікай колькасці асвяжальнікаў паветра. Але ці толькі гэта прыцягнула ўвагу супрацоўнікаў памежнага пераходу, ці за літоўскім паліцыянтам ужо вялося назіранне і яго падазравалі ў правозе кантрабанды, Міхалькевіч не ўдакладніў.

Міхалькевіч: “Канкрэтныя факты ў інтарэсах справы я б не хацеў каментаваць. Але гэтую інфармацыю ўжо агучвалі ў прэсе наконт таго, што ў яго машыне сапраўды знаходзілася колькасць араматызатараў, якая значна перавышае тую, якая звычайна выкарыстоўваецца. Да такіх рэчаў больш увагі супрацоўнікаў мытні і памежнікаў”.

Між тым, супрацоўнік Мытнага камітэта ўпэўніў, што ніхто не будзе замінаць Банкаўскасу наноў наведаць Беларусь. Але калі ён трапіць у "профіль рызыкі", то яго ізноў будуць даглядаць.

Нагадаем, Лайманас Банкаўскас быў затрыманы 16 жніўня ў Ашмянах. Яго звінавацілі ў кантрабандзе наркотыкаў. Вызвалілі яго ўвечары 25 жніўня. Увесь час знаходжання пад вартай Банкаўскас адмаўляў сваю віну.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі