Мытны камітэт: У Беларусі не будзе абмежавання на ўвоз тавараў сумай 200 еўра

Першы намеснік старшыні Дзяржаўнага Мтынага камітэта Беларусі Ўладзімір Гошын лічыць нелагічным абмяжоўваць бязмытны ўвоз тавараў фізасобамі — рэзідэнтамі Беларусі сумай 200 еўра. Усё адно гэтая мера будзе дзейнічаць толькі паўгода, перадае словы Гошына "Інтэрфакс".

Ён растлумачыў, што ў сувязі са стварэннем Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана з 1 ліпеня 2010 года плануецца выпрацаваць адзіны парадак увозу фізасобамі тавараў і нормы бязмытнага ўвозу ў рамках Мытнага саюза. У тым ліку, будуць выпрацаваны адзіныя правілы, якія рэгулююць увоз фізасобамі на тэрыторыю Мытнага саюза легкавых аўтамабіляў. Ён нагадаў, што з 1 студзеня 2010 года ў Беларусі павялічваюцца стаўкі на ўвоз легкавых аўтамабіляў юрыдычнымі асобамі.

Гошын таксама нагадаў, што з 1 студзеня 2010 года ўступае ў сілу першы этап практычнага стварэння Мытнага саюза. Падчас яго будуць уведзеныя адзіныя правілы ўвозу-вывазу тавараў юрасобамі праз адзіную вонкавую мяжу ў рамках Мытнага саюза. Уводзяцца таксама адзіная стаўка мытных пошлінаў і адзіны пералік забароненых і абмежаваных да перамяшчэння тавараў.

З 1 ліпеня 2010 года, на другім этапе стварэння Мытнага саюза, уступае ў сілу адзіны Мытны кодэкс і Парадак падзелу ўвазных мытных пошлінаў паміж бюджэтамі краін-удзельніц.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі