Мытны саюз не дае беларусам прыняць максімальныя меры супраць наркотыкаў?

Чакалася, што вострую праблему распаўсюджвання спайсаў, марак і парашкоў у Беларусі вырашыць стварэнне Міжведамаснай антынаркатычнай камісіі. Гэтая структура магла б за лічаныя дні ўносіць у спіс забароненых любы новы сінтэтычны псіхатроп, замаскіраваны пад “легалку”. Сёння ж чакаць папаўнення “Рэспубліканскага спісу” даводзіцца часам месяцамі. І дылеры выкарыстоўваюць гэты час для продажу рэчываў пад выглядам “легалкі”.

Аднак хуткае з’яўлення антынаркатычнай камісіі наўрад ці здарыцца ў бліжэйшыя месяцы. Гэтаму перашкаджае…Мытны саюз.

“У межах законапраекта “Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах, іх прэкурсорах і аналагах” я ініцыявала ўвядзенне “базавай формулы”. Гэта мера не зможа на 100% вырашыць праблему. Толькі на 96%, можа, на 98%, ― тлумачыць Зінаіда Мандроўская, дэпутат Палаты прадстаўнікоў. ― Што тычыцца антынаркатычнай камісіі, то ўзніклі праблемы наконт увядзення ў дадзены закон дадзенай нормы. Гэта звязана з нашымі абавязальніцтвамі ў межах Мытнага саюза. Там іншы парадак выдачы дазволаў на ўвоз рэчываў і аднясенне іх у пералік забароненых. Як бы мы ні хацелі, але хутка стварыць Камісію наўрад ці атрымаецца. Абсалютна ніхто не супраць, проста ўзнікла крытычная сітуацыя, звязаная з тым, што там іншыя парадкі”.

Зінаіда Мандроўская патлумачыла Еўрарадыё і іншыя законныя магчымасці стварыць Міжведамасную антынаркатычную камісію. А канкрэтна, праз унясенне зменаў у Крымінальны кодэкс.

У сённяшняй сітуацыі з распаўсюджваннем наркотыкаў дэпутат схіляецца і да больш экстраардынарных мер.

“Мая асабістая думка ― забараніць усё, на што не атрыманы дазвол Мінздароўя на распаўсюджванне, ― лічыць Зінаіда Мандроўская. ― Наркадылеры павінны знявольвацца на максімальны тэрмін. Але яны ідуць хутчэй за нас на тры крокі. Як толькі з’яўляецца забарона, яны адразу шукаюць спосаб, як яе абысці. Там такія грошы завязаныя! Грошы кіруюць людзьмі, нічога людскага не засталася! Ім не важна, загіне малады чалавек ці гаўкае ён як сабака. Ім важна атрымаць грошы тут і сёння”.

Нагадаем, што сапраўдная колькасць спажыўцоў сінтэтычных псіхатропаў у Беларусі не ацэньваецца. Вядома толькі, што гэта лічба гіганцкая.

Жыццёва небяспечныя спайсы, маркі і парашкі пад выглядам “легалкі” распаўсюджваліся ў Беларусі гадамі. Колькасць спажыўцоў эксперты параўноўваюць з лічбай па опійных наркаманах напрыканцы 2013 года. Такіх у Беларусі было да 150 тысяч чалавек. МУС ударыла па опійным насенні маку ― і яго спажыўцы таксама пачалі пераходзіць на сінтэтычныя псіхатропы, якія не можа перамагчы пакуль ніводная краіна ў свеце. То бок сапраўдная колькасць цяжка хворых людзей можа набліжацца да соцень тысяч. Такія тэндэнцыі прымушаюць задумацца ― а якая будучыня чакае беларусаў?

“На хвіліны ідзе сёння барацьба. І мы сваімі дзеяннямі можам спыніць смерці, ― разважае пра праблемы дэпутат палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі, які таксама актыўна падключаецца да бітвы супраць наркотыкаў. ― Важна знайсці самы кароткі шлях, каб паставіць заслон і, зразумела, максімальна размаўляць пра шкоду і наступствы”.

Як кажа дэпутат, пра праблему ён пакуль выказваецца павярхоўна, бо пачаў ёй шчыльна займацца нядаўна. Сёння ж неабходныя канкрэтныя дзеянні.

“Гэта выглядае, як сігнал SOS на караблі, які тоне. Хоць і зразумела, што ёсць міжнародныя дамоўленасці і з імі трэба лічыцца, ― працягвае Вадзім Дзевятоўскі. ― Але гэта праблема нацыянальнай бяспекі, і хутка можа здарыцца кропка незвароту. Разуменне праблемы ёсць у многіх, але падыход “ну, з панядзелка пачну” ― няправільны. Меры ў межах нашага заканадаўства павінны быць максімальныя. Самыя жорсткія санкцыі павінны быць супраць тых, хто завозіць гэта ў Беларусь і распаўсюджвае. Я ўпэўнены, што грамадства гэта падтрымае”.

Нагадаем, што сінтэтычныя псіхатропамі, замаскіраваныя пад араматычную траву (спайсы), парашкі для атрымання кайфу з’явіліся ў Еўропе прыкладна ў 2008 годзе. Наватарскія ініцыятывы Міністэрства ўнутраных спраў, дзе яшчэ тады сігналізавалі пра насоўванне бяды, разумелі не ўсе. Пакуль псіхатропны вірус не распаўсюдзіўся да пагражальных памераў.

Ці не сігнал гэта для нашых заканадаўцаў, каб накіраваць на вырашэнне праблемы ўсе рэсурсы?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі