МЗС: Ад 1995 года мы не маем з ЕС нават Дамовы аб партнёрстве — па іх віне
Ці хоча Беларусь асацыяцыі з ЕС і зоны свабоднага гандлю з ім, ці верыць наш МЗС у будучыню Усходняга партнёрства — у эксклюзіўным інтэрв’ю Еўрарадыё.
Што зрабілі разам за мінулыя гады і што плануюць зрабіць у будучыні, абмяркоўвалі 10 сакавіка ўдзельнікі канферэнцыі “ЕС-Беларусь: погляд у мінулае і будучыню”. Казалі пра тое, колькі грошай Еўрасаюз ужо ўклаў у розныя праекты ў Беларусі і колькі яшчэ ўкласці плануе. Сумы называлі вялізныя, а планы выказвалі грандыёзныя. Але ці насамрэч нашы ўзаемаадносіны ўпэўнена і без перашкод ідуць да паляпшэння? Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв’ю Еўрарадыё расказвае начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзяніс Сідарэнка.
Еўрарадыё: У якім стане, на ваш погляд, знаходзяцца сёння адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам?
Дзяніс Сідарэнка: Гэта наш стратэгічны партнёр. У нас сумесная працяглая мяжа, агульныя выклікі і пагрозы бяспецы, цэлы шэраг эканамічных фактараў сённяшняга дня, якія дыктуюць неабходнасць нашага цеснага ўзаемадзеяння з Еўрапейскім саюзам і яго краінамі-сябрамі. На жаль, з-за шэрагу абставінаў патэнцыял супрацоўніцтва выкарыстоўваецца яшчэ не цалкам. І адным са стрымліваючых фактараў з’яўляецца адсутнасць неабходнай юрыдычнай базы. Бо падпісаная яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя Дамова “Аб партнёрстве і супрацоўніцтве” паміж Беларуссю і ЕС на сённяшні дзень так і не набыла моц. Але, нягледзячы на даволі складаныя адносіны, мы працягваем прадметны дыялог з нашымі еўрапейскімі партнёрамі па ўсім спектры пытанняў парадку дня. І вядзём пошук кропак сутыкнення. Беларусь удзельнічае ў ініцыятыве “Усходняе партнёрства”, вядуцца дыялогі ў такіх галінах, як экалогія, мытня, транспарт, энергетыка, эканоміка і фінансы. Дадатковы імпульс нашаму дыялогу з ЕС даў лістападаўскі саміт Усходняга партнёрства ў Вільні, які даў старт перамовам па заключэнні пагаднення аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі.
Еўрарадыё: Што робіцца для таго, каб мы нарэшце займелі хаця б дамову “Аб партнёрстве і супрацоўніцтве” з ЕС, якую маюць фактычна ўсе краіны, апроч Беларусі?
Дзяніс Сідарэнка: Мы ўвогуле знаходзімся ў вельмі цікавым становішчы, калі нашы ўзаемадзеянні з Еўрапейскім саюзам рэгулююцца пагадненнямі, удзельнікамі якіх быў Савецкі Саюз. На жаль, тое пагадненне “Аб партнёрстве і супрацоўніцтве”, якое было распрацаванае і падпісанае бакамі ў 1995 годзе, не было канчаткова ратыфікавана Еўрасаюзам: некалькі краін яго не ратыфікавалі — і яно не набыло моц. Мы ставім гэта пытанне перад нашымі еўрапейскімі партнёрамі, бо ад таго, ці будзем мы мець такое пагадненне, залежыць цэлы шэраг структурных элементаў нашага супрацоўніцтва. Якія, з нашага пункту гледжання, будуць садзейнічаць вырашэнню і тэхнічных, і палітычных пытанняў нашых узаемадзеянняў. І садзейнічаць нармалізацыі ўзаемаадносінаў.
Еўрарадыё: Атрымліваецца, што тармажэнне працэсу па падпісанні гэтага пагаднення ідзе з боку Еўрасаюза?!
Дзяніс Сідарэнка: Яны не падпісваюць да канца. Увогуле, зараз ставіцца пытанне, ці адпавядае сённяшняму дню тое пагадненне, якое было распрацаванае і падпісанае ў 1995 годзе. І пытанне гэта падвойнае: магчыма, ёсць неабходнасць пачаць працу з гэтага, “старога” пагаднення, але і разглядаецца зараз магчымасць распрацоўкі новага юрыдычнага дакумента. Які б і рэгуляваў у далейшым нашы ўзаемаадносіны. Мы ставім такое пытанне, мы бачым, што ў Бруселі таксама пачалося нейкае разважанне на гэтую тэму. Мы вельмі спадзяемся, што тая актывізацыя кантактаў, якая пачалася, ляжа у падмурак распрацоўкі такога пагаднення. Якое адкрые дарогу для паглыблення і пашырэння кантактаў з Еўрасаюзам і яго краінамі-ўдзельнікамі.
Дзяніс Сідарэнка і Майра Мора
Еўрарадыё: Якія перспектывы ўдзелу нашай краіны ў ініцыятыве Усходняе партнёрства — будзе гэты ўдзел пашырацца? Ці рухаемся мы ў бок падпісання Дамовы аб асацыяцыі з ЕС, якую на віленскім саміце парафіравалі Малдова і Грузія?
Дзяніс Сідарэнка: Перспектывы Беларусі ў межах Усходняга партнёрства залежаць ад таго, якія перспектывы ўвогуле ва Усходняга партнёрства будуць у бліжэйшыя гады. Мы бачым, што не вельмі проста разгортваецца сітуацыя вакол удзелу асобных краін у гэтай ініцыятыве. Бачым, што адбываецца вакол Украіны… Мы спадзяемся і верым, што гэта цікавая ініцыятыва, у яе ёсць патэнцыял. На дадзены момант мы не карыстаемся ўсімі магчымасцямі гэтай ініцыятывы. Але калі б мы маглі карыстацца і шматбаковым кампанентам, і двухбаковым кампанентам гэтай ініцыятывы, то гэта, мне падаецца, быў бы аптымальны варыянт і магчымасць для Беларусі.
Што тычыцца пытання наконт Дамовы аб асацыяцыі, то мы на дадзены момант яго не ставім. Мы бачым: у сувязі з тымі падзеямі, якія адбываліся, у Бруселі пачынаецца асэнсаванне таго, што павінна быць дыферэнцыяцыя падыходу да шасці краінаў гэтай ініцыятывы. Немагчыма з адной меркай, з адной формай падыходзіць да развіцця адносінаў. Павінна быць агульная — больш шчыльныя ўзаемасувязі з кожнай з краін, больш рэгіянальнай бяспекі і супрацоўніцтва ў гэтым рэгіёне, але формы могуць быць розныя. Гэта можа быць і Пагадненне аб асацыяцыі з зонай свабоднага гандлю, але гэтыя формы могуць быць і іншымі. Тыя ж пагадненні “Аб супрацоўніцтве і партнёрстве”, але — новай генерацыі, яны таксама даюць магчымасць для дыялогу. І структурнага, і практычнага супрацоўніцтва паміж Еўрасаюзам і краінай-удзельніцай праграмы.
Еўрарадыё: Пра неабходнасць так званага дыферэнцыйнага падыходу казаў на віленскім саміце беларускі міністр МЗС Уладзімір Макей — атрымліваецца, што да яго слоў прыслухаліся ў Бруселі і будзе “перафарматаванне” Усходняга партнёрства?
Дзяніс Сідарэнка: Так, і мы спадзяемся на тое, што наступны саміт Усходняга партнёрства, які запланаваны на першую палову наступнага году, будзе тым выпрабавальным момантам, ад якога будзе залежаць будучыня Усходняга партнёрства. І, на наш погляд, калі не будзе адаптацыя ініцыятывы да існуючых фактараў і рэалій у рэгіёне і да кожнай краіны, то будзе вельмі цяжка прадказаць станоўчую будучыню для ініцыятывы. Бо ў такім выпадку энтузіязм і інтарэс да яе можа страціць як Еўрапейскі саюз, так і асобныя краіны. Але мы спадзяемся на пазітыўны вынік. І спадзяемся, што да тых тэзісаў, якія міністр агучыў і ў Вільні і падчас сваіх кантактаў па двухбаковым трэку з міністрамі замежных спраў Літвы і Латвіі, якія адбываліся цягам апошніх тыдняў, — усё гэта будзе спрыяць працэсу перафарматавання ініцыятывы.
Еўрарадыё: Што, на ваш погляд, перашкаджае Беларусі больш шырока ўдзельнічаць ва усіх праектах і праграмах ініцыятывы Усходняе партнёрства — карыстацца і шматбаковымі, і двухбаковымі яе, як вы сказалі, кампанентамі?
Дзяніс Сідарэнка: Мне падаецца, што ёсць інерцыя мінулага. На яго трэба глядзець і вучыцца, але трэба глядзець і ў будучыню. Пры тым, што ў бакоў у любым дыялогу будуць свае пункты гледжання на асобныя пытанні і праблемы, будуць разыходжанні — наяўныя ці менш акцэнтаваныя. Але калі будзе жаданне развіваць адносіны, выбудоўваць прагматычнае, канструктыўнае і арыентаванае на грамадзян супрацоўніцтва, то мы пераадолеем гэтыя існуючыя разыходжанні. Іншая справа — раней ці пазней. Часам здаецца, што ўсё рухаецца вельмі марудна і што не так усё добра ды хораша. Але я ўпэўнены, што мы знойдзем шляхі да таго, каб выбудаваць сапраўды пазітыўны парадак дня для нашага дыялогу і супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам. Гэта — наш блізкі партнёр, стратэгічны.
Еўрарадыё: Але ці можна сказаць, што пытанне палітвязняў, якое пастаянна перад беларускім бокам узнімае Еўрасаюз, стаіць перашкодай на шляху да больш шчыльнага супрацоўніцтва?
Дзяніс Сідарэнка: Гэта пытанне да таго боку — не да мяне.
Прысутнічала на канферэнцыі і амбасадар Еўрасаюза — кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора. Ёй і перадаём пытанне пра палітвязняў і ўзровень супрацоўніцтва.
Майра Мора: Яна (праблема палітзняволеных. — заўв. Еўрарадыё) захоўваецца. Бо для Еўрапейскага саюза самая галоўная перашкода для пашырэння супрацоўніцтва — гэта людзі, якія знаходзяцца ў тых месцах, дзе яны знаходзіцца не павінны.
Фота: Змітра Лукашука