МЗС Беларусі: Дамоўленасці з прадстаўніком ЕС не падпісваліся

Перамовы з прадстаўнікамі Еўракамісіі на чале з Гунарам Вігандам, якія праходзілі ў Мінску, не прывялі да падпісання нейкіх абявязковых да выканання дакументаў. Пра гэта распавёў кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Мірончык: “Дамоўленасцяў, якія былі б зафіксаваныя пісьмова, мелі б юрыдычна абавязковы характар, па маёй інфармацыі і не планавалася дасягаць. Размова ідзе менавіта пра дыялог, пра абмен інфармацыяй, думкамі, прапановамі і іх абмеркаванні. Мы шукаем узаемапрымальныя формы ўзаемадзеяння паміж урадам Рэспублікі Беларусь і Еўрапейскім саюзам на цяперашнім этапе адносінаў”.

Нагадаем, дырэктар дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд з 17 па 18 лістапада знаходзіўся ў Мінску. Прыбыў ён для ўдзелу ў чацвёртым раўндзе прамежкавай фазы дыялогу па мадэрнізацыі, які ЕС праводзіць як з грамадзянскай супольнасцю, так і з урадам Беларусі. Гэтым разам размова ішла на тэмы магчымых рэформ у сферы адукацыі, сацыяльнай сферы, рэгіянальнага развіцця — дэцэнтралізацыі ўлады і гэтак далей.

У інтэрв’ю Еўрарадыё Гунар Віганд сказаў, што падчас усіх сустрэч з прадстаўнікамі беларускай улады ён уздымаў тэму беларускіх палітзняволеных. Еўрарадыё пацікавілася ў Дзмітрыя Мірончыка, як на гэта адрэагавалі, да прыкладу, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і яго намесніца Алена Купчына. Па словах прадстаўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства, “як еўрапейскія партнёры, так і беларускі бок падчас такіх перамоваў шчыра выказваюць свае прынцыповыя пазіцыі па ўсіх пытаннях адносінаў, уключна з праблемнымі пытаннямі”. І, маўляў, беларуская пазіцыя на гэты конт таксама была выкладзеная.

Як вядома, афіцыйны Мінск адмаўляецца прызнаваць у краіне наяўнасць палітвязняў. А тых, каго ЕС палітвязнямі прызнае, лічыць звычайнымі крымінальнікамі.

Фота — Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі