МЗС Беларусі: нашы балтыйскія суседзі запусцілі санкцыйную спіраль
Міністэрства замежных спраў Беларусі абяцае "адэкватныя меры ў адказ" на санкцыі, уведзеныя трыма дзяржавамі Балтыі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
31 жніўня Літва, Латвія і Эстонія паведамілі, што ўвялі нацыянальныя санкцыі супраць высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў. Кожная з краін прыняла свой "чорны спіс" з 30 асобаў.
"Незразумела, якім чынам гэты крок Літвы, Латвіі і Эстоніі закліканы падтрымаць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, пра якую так шмат з іх боку гаварылася і гаворыцца. Але вось такое настойлівае жаданне наступаць на адны і тыя ж граблі і бяздумна хадзіць па замкнёным коле дакладна выклікае шчырае расчараванне", — пракаментаваў беларускі дыпламат заяву балтыйскіх дзяржаваў.
Па яго словах, гісторыя Беларусі, супраць якой ужо ўводзіліся санкцыі раней, паказвае, што такія меры "прыводзяць іх ініцыятараў толькі да адваротнага эфекту". На думку Глаза, не стануць выключэннем і цяперашнія санкцыі Літвы, Латвіі ды Эстоніі.
"Больш за тое, нашы балтыйскія суседзі яшчэ і запусцілі санкцыйную спіраль. Мы заяўлялі раней, што Беларусь вымушаная будзе прыняць адэкватныя меры ў адказ у дачыненні да ініцыятараў такіх крокаў. І гэта будзе зроблена", — паабяцаў прэс-сакратар МЗС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.