На 9 журналістаў завялі крымінальныя справы: хто яны і за што іх пераследуюць

Падчас акцыі журналістаў 3 верасня / Еўрарадыё
Падчас акцыі журналістаў 3 верасня / Еўрарадыё

За час выбарчай кампаніі і поствыбарчы перыяд ахвярамі пераследу з боку беларускіх уладаў сталі 390 журналістаў, з якіх 77 прайшлі праз адміністрацыйны арышт. А да дзевяці журналістаў улады праявілі асаблівую ўвагу — і пачалі супраць іх крымінальныя справы.

Шасцёра журналістаў праходзяць па "справе аб масавых беспарадках" фігурантамі якой ужо сталі сотні пратэстоўцаў. Яшчэ трое — па іншых артыкулах. Траіх журналістаў проста цяпер трымаюць у следчых ізалятарах.

Расказваем пра нашых калег, якіх пераследуюць улады.

Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова, "Белсат"

На 9 журналистов власти завели уголовные дела: кто они и за что их преследуют
Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова / belsat.eu

Журналістку "Белсата" Кацярыну Андрэеву і аператарку Дар'ю Чульцову затрымалі 15 лістапада падчас стрыму з "Плошчы Перамен", дзе сілавікі жорстка разагналі пратэстоўцаў. Андрэева і Чульцова вялі стрым з кватэры недалёка ад пратэставага двара, гэта значыць у прынцыпе не маглі ўдзельнічаць у акцыі. Але судзілі іх менавіта за гэта. Пакаранне — па сем сутак арышту.

У дзень затрымання стала вядома, што Андрэева стала падазраванай па крымінальнай справе па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса — "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". 20 лістапада ёй прад'явілі абвінавачанне і арыштавалі на два месяцы. Цяпер Андрэева знаходзіцца ў жодзінскай турме. У кватэры, дзе яна жыве, прайшоў ператрус. Яе муж Ігар Ільяш таксама затрыманы.

Афіцыйнай інфармацыі пра тое, у чым падазраюць Чульцову, пакуль няма. Але яна таксама не выйшла на свабоду пасля сямі сутак арышту.

Кацярына Андрэева працуе на тэлеканале "Белсат" з 2017 года. "Яна — зорка стрымаў", — так кажа пра яе Ігар Ільяш. За яе працу Андрэеву шмат разоў затрымлівалі, судзілі, штрафавалі і саджалі на суткі. Таксама Андрэева разам з мужам напісала кнігу "Беларускі Данбас" пра ўдзел беларусаў у вайне на паўднёвым усходзе Украіны.

Дзмітрый Дзмітрыеў, "Новы час"

На 9 журналистов власти завели уголовные дела: кто они и за что их преследуют
Дзмітрый Дзмітрыеў / nn.by

Фатографа "Новага часу" затрымалі 1 лістапада, калі ён асвятляў Марш супраць тэрору. Ён адбыў дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту за парушэнне арт 23.34 і 23.4 КаАП. А ўжо 13 лістапада ў Дзмітрыева прайшоў ператрус у межах крымінальнай справы па артыкуле 342 КК.

Пасля выбараў фатографа затрымлівалі чатыры разы. Дарэчы, Дзмітрый Дзмітрыеў — падпалкоўнік міліцыі. Да 2012 года ён працаваў у Савецкім РУУС.

Дзмітрый Солтан, Дзмітрый Краўчук, Арцём Багаслаўскі

На 9 журналистов власти завели уголовные дела: кто они и за что их преследуют
Дзмітрый Солтан / "Фэйсбук"

Тэлежурналістаў Дзмітрыя Солтана, Дзмітрыя Краўчука і Арцёма Багаслаўскага прызналі падазраванымі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках па артыкуле 342 КК. Карэспандэнтаў затрымалі 1 лістапада на той жа акцыі, што і Дзмітрыя Дзмітрыева.

"Журналісты "Белсата" працуюць ва ўмовах адсутнасці акрэдытацыі ўжо амаль 13 гадоў і сутыкаліся з рознымі формамі пераследу, але крымінальныя справы ў дачыненні да іх — гэта новы віток", — заявіў тады намеснік дырэктара "Белсата" Аляксей Дзікавіцкі.

Кацярына Барысевіч, TUT.by

На 9 журналистов власти завели уголовные дела: кто они и за что их преследуют
Кацярына Барысевіч / TUT.by

Журналістку партала TUT.by Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада. Яна выйшла ў краму — а вярнулася ўжо з сілавікамі. Супраць яе распачата справа па частцы 3 артыкула 178 КК — "Выдаванне ўрачэбнай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы".

Напярэдадні Кацярына Барысевіч напісала матэрыял пра тое, што ў крыві загінулага пасля затрымання на "Плошчы Перамен" Рамана Бандарэнкі не было алкаголю. Гэту інфармацыю ёй паведаміў на ўмовах ананімнасці лекар БХМД. Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу і ў дачыненні да медыка, ён таксама затрыманы. Пры гэтым у пракуратуры заявілі, што інфармацыя, якую выдаў медык, недакладная.

Журналістка знаходзіцца ў СІЗА да прад'яўлення абвінавачання. Гэта як мінімум да 29 лістапада. Ёй пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Кацярына Барысевіч прыйшла ў рэдакцыю TUT.by у 2017 годзе. Да гэтага працавала ў "Комсомолке" і на Еўрарадыё. Барысевіч шмат піша пра суды і крымінальныя справы.

— Капаць, шукаць, сумнявацца, настойліва задаваць пытанні — гэта пра яе. Гэта Каця расказала беларусам гісторыю хлопца, які зняў відэа ўнутры аўтазака. Сачыла за лёсам затрыманых асводаўцаў, лекараў, даведалася падрабязнасці пра затрыманага жыхара "двара перамен" Сцяпана Латыпава. "Справа медыкаў", "справа Уцюрына", "цукровая справа" — гэта таксама Каціны тэмы, — так кажуць пра Кацярыну яе калегі ў TUT.by.

Ягор Марціновіч, "Наша Ніва"

На 9 журналистов власти завели уголовные дела: кто они и за что их преследуют
Ягор Марціновіч / nn.by

Галоўны рэдактар "Нашай Нівы" — падазраваны па крымінальнай справе аб паклёпе (артыкул 188 КК). Справа распачатая пасля публікацыі 17 жніўня інтэрв'ю з дыджэем Уладам Сакалоўскім, які расказаў, што ў мінскім ізалятары на Акрэсціна яго збіў намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў.

— Па звестках следства, у сярэдзіне жніўня бягучага года на інтэрнэт-рэсурсе "Наша Ніва" размешчана публікацыя, якая змяшчае заведама лжывыя звесткі, якія зневажаюць гонар і годнасць і ганьбяць намесніка міністра ўнутраных спраў Беларусі, — каментуе справу Следчы камітэт.

Адвакат Сяргей Зікрацкі лічыць, што журналіста ў прынцыпе нельга судзіць за паклёп.

— Журналіст, які атрымлівае інфармацыю ад сваіх крыніц, не можа дакладна ведаць, кажа крыніца праўду ці не. У гэтай сувязі ў журналіста ў абсалютнай большасці выпадкаў не можа быць непасрэднага намеру на распаўсюд ілжывых выказванняў, — кажа Зікрацкі.

Ягор Марціновіч — адзін з самых маладых галоўных рэдактараў у Беларусі. Рэдакцыю "Нашай Нівы" ён узначальвае з 2017 года.

— Ягор Марціновіч — чалавек рэдкай смеласці, выключнага прафесіяналізму і ўзорнай сумленнасці. Менавіта таму ён у 30 гадоў узначаліў "Нашу Ніву" і вывеў выданне на новы ўзровень, — лічаць у рэдакцыі выдання.

Сяргей Сацук, “Ежедневник”

На 9 журналистов власти завели уголовные дела: кто они и за что их преследуют
Сяргей Сацук / Еўрарадыё

З сакавіка 2020 года Сяргей Сацук падазраецца па справе аб хабарніцтве. Паводле версіі следства, Сацук атрымаў пяць тысяч долараў за напісанне артыкула, "які змяшчае звесткі, што кампраметуюць канкурэнтаў — кампанію "Анімед". Абвінавачанне яму дагэтуль не прад'яўленае.

Перад тым у дачыненні да журналіста спрабавалі пачаць справу аб махлярстве: маўляў, паводле закона "Аб сродках масавай інфармацыі" ён не з'яўляецца журналістам, таму не мог краўдфандзіць на свае расследаванні. Людзей, якія пералічвалі грошы Сацуку, выклікалі ў СК.

Сяргей Сацук вядомы журналісцкімі расследаваннямі. Адно з самых гучных — пра пастаўкі ў Беларусь незарэгістраванай вакцыны "Эўпента". Журналіст раскрытыкаваў тлумачэнні Мінздароўя пра бяспеку гэтых лекаў.

23 сакавіка гэтага года, за два дні да затрымання, Сяргей Сацук апублікаваў у "Ежедневнике" артыкул "Хто сее паніку вакол каранавіруса, прэзідэнт або сайты і каналы?", у якой выказаў сумневы ў дакладнасці афіцыйнай статыстыкі пра COVID-19 у Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі