На акцыю ў падтрымку ІП Лябедзька прыйшоў у паліто, набытым у Літве
Акцыю пратэсту прадпрымальнікаў пад кодавай назвай “Я — ІП” асобныя дзеячы (у тым ліку Аляксандр Макаеў) анансавалі яшчэ падчас форума прадпрымальнікаў, арганізаванага у гатэлі “Беларусь” кіраўніком “Перспектывы” Анатолем Шумчанкам. За што той самы Макаеў быў з форума сябрамі Шумчанкі літаральна выштурханы. Іншым цэнтрам стала АГП — Анатоль Лябедзька за тыдзень да акцыі ў некалькіх месцах Беларусі фатаграфаваўся з плакацікам “Я — ІП” і актыўна заклікаў прыходзіць у панядзелак 18-га студзеня да Чырвонага касцёла ў Мінску. У выніку на акцыю пратэсту прыйшоў ён сам, дзесятак агэпэшнікаў, Аляксандр Макаеў і яшчэ прыкладна 10-15 прадпрымальнікаў. Журналістаў з міліцыянтымі было куды больш за ўдзельнікаў.
“Я чакаў, што я мог бы і адзін сюды сёння прыйсці. У нашых умовах і ў нашай сітуацыі. Я ж таксама не з Месяца зваліўся. Я быў на рынках, на вельмі многіх. І перад Новым годам хадзіў, і чуў вельмі рэзкія выказванні прадпрымальнікаў… Але людзі гатовыя да іншых формаў пратэсту. Страйк — гэта больш прымальная для іх форма. Вытрымаюць — гэта добра, можа, на нешта паўплываць. А сёння мы хацелі зрабіць візуалізацыю салідарнасці”, — сказаў Лябедзька.
Фотафакт: прадпрымальнікі заходзяць у Дом урада
У панядзелак на плошчы Незалежнасці ў Мінску прайшла несанкцыянаваная акцыя "Я — ІП". На яе сабраліся індывідуальныя прадпрымальнікі і апазіцыянеры (пераважна сябры Аб'яднанай грамадзянскай партыі) — каля трох дзясяткаў чалавек.
Ці атрымалася, можна спрачацца. Хаця некалькі карцінак з бела-чырвона-белым сцягам на прыступках Дома ураду ў СМІ павінна трапіць. Акрамя візуалізацыі, лідар АГП усё ж скарыстаўся момантам і перадаў ва урад зварот прадпрымальнікаў да кіраўніка краіны з шасцю прапановамі. Просяць адмяніць Указ нумар 222, хочуць плаціць складкі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва толькі за час фактычнай працы, не ставіць тэрміналы, калі за месяц выручна менш за 60 мільёнаў, знізіць павялічваючыя каэфіцыенты, зменшыць штрафы і дапусціць іпэшнікаў у склад камісій і саветаў, якія прымаюць рашэнні па працы дробных прадпрымальнікаў. Зварот у Лябедзькі, па яго словах, прынялі вельмі ветліва:
“Але каб нас тут у наступны раз было значна больш людзей, яны яшчэ больш ветлівымі былі б. Гэта ўсё залежыць ад вас. Галоўнае — ведаць, якая наша мэта, якая наша задача. Наша задача — як мінімум, змяніць эканамічную стратэгію, дабіцца свабодных, сумленных выбараў. Каб тут, у будынку Дома урада сярод дэпутатаў сядзелі ў тым ліку і людзі з малога і сярэдняга бізнесу”, — падаўшы зварот, лідар АГП з “Я — ІП” зноў стаў палітыкам-апазіцыянерам.
А потым увогуле прызнаўся, што сам на рынках рэдка нешта набывае — адпраўляе жонку. А на акцыю ў падтрымку іпэшнікаў прыйшоў у паліто, набытым падчас адной са шматлікіх паездак у Вільню.
Адказ на зварот на імя кіраўніка краіны, пададзены удзельнікамі акцыі “Я — ІП” у Дом урада, павінен прыйсці на працягу 15-ці працоўных дзён.