На беларуска-літоўскай мяжы зноў даўжэзныя чэргі
Сотні машын стаяць на беларуска-літоўскай мяжы. 5 сакавіка кіламетровыя чэргі з аўтамабіляў стаяць у “Каменным Логу”, “Катлоўцы” і “Беняконях”. Асабліва напружанай была сітуацыя ў сярэдзіне дня, калі ў адных толькі “Беняконях” стаяла па 200 фураў з абодвух бакоў мяжы.
Позна ўвечары сітуацыя крыху палепшылася: па апошняй інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэта, у “Катлоўцы” на выезд з Беларусі стаяць 70 легкавікоў і 60 грузавікоў, у “Каменным Логу” таксама на выездзе стаяць 80 легкавікоў і 100 грузавікоў, у “Беняконях” легкавікоў няма, але стаіць 110 грузавікоў. У “Прывалцы” чэргі невялікія — 15 легкавікоў і 30 грузавікоў. Чэргаў на ўезд у Беларусь няма нідзе.
Падобная сітуацыя часта назіраецца перад пачаткам доўгіх выходных. Кіроўцам легкавікоў раяць перасякаць мяжу ў пунктах пропуску з найменшымі чэргамі.