На БТ расказалі пра спробы завербаваць беларускіх дыпламата і афіцэра
БТ расказала пра спробы завербаваць дыпламата і афіцэра з Беларусі / скрыншот відэа
Польскія спецслужбы спрабавалі завербаваць дыпламата і афіцэра з Беларусі. Такое сцверджанне прагучала ў эфіры Беларускага тэлебачання ў сюжэце, прысвечаным палітычным вынікам года.
Першай патэнцыйнай ахвярай, па словах журналістаў БТ, быў памочнік ваеннага аташэ, якога "ў лістападзе-снежні супрацоўнікі ваеннай контрразведкі шантажом, подкупам і пагрозамі спрабавалі схіліць да здрады".
"Абяцалі поўны пансіён: грошы, нерухомасць, новае жыццё ў адной з краін ЕС. Дыпламат не завагаўся і атрымаў ультыматум: пакінуць дыпмісію ў Варшаве", — прагучала ў эфіры.
У другім выпадку, па інфармацыі БТ, польскія спецслужбы выйшлі на сувязь з кадравым афіцэрам, які праходзіў у Польшчы моўныя курсы
"Тая ж спецслужба прапанавала выбар — стаць інфарматарам ці надоўга забыць пра візіты ў ЕС", — расказаў журналіст. Па яго словах, "афіцэр падумаў і паведаміў пра спробы вярбоўкі ў Мінск".
У сюжэце БТ таксама гаварылася, што МЗС Беларусі ўжо адрэагаваў на абодва факты, а польскія партнёры прызналі іх, "але хацелі замяць скандал".
Раней Аляксандр Лукашэнка неаднаразова папракаў Польшчу ў спробах умяшання ва ўнутраныя справы Беларусі. У прыватнасці, на нядаўнім саміце АДКБ ён "звяртаў увагу" на "ашалелыя паводзіны Польшчы і краін Балтыі супраць Беларусі" і казаў, што хоча, "каб пра нізкія і бессаромныя паводзіны палітыкаў пачулі простыя людзі гэтых суседніх з намі краін".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.