На дэбатах Караткевіч троліла Гайдукевіча, ён у адказ размахваў кулаком (відэа)

На дэбатах Караткевіч троліла Гайдукевіча, ён у адказ размахваў кулаком (відэа)

3 кастрычніка, за тыдзень да выбараў, на канале “Беларусь 1” прайшлі тэледэбаты з удзелам двух кандыдатаў у прэзідэнты — Таццяны Караткевіч і Мікалая Улаховіча. Сяргей Гайдукевіч замест сябе прыслаў сына і кіраўніка выбарчага штаба Алега Гайдукевіча-малодшага.

Першай гаварыць пачала Караткевіч. Павіталася па-беларуску, працягнула на рускай мове. “Улада засталася ў 90-ых гадах”, — асноўны тэзіс уступнага слова кандыдаткі. На гэта Мікалай Улаховіч адрэагаваў прадказальна: “Я бы так рэзка не выступаў супраць улады”. А Гайдукевіч-малодшы выдаў спіч не столькі за свайго кандыдата, колькі супраць Таццяны Караткевіч. “Яна прадстаўляе апазіцыю, якая 20 гадоў разбурала Беларусь”, — паведаміў Алег Гайдукевіч краіне.

Далей былі пытанні кандыдатаў адзін аднаму і пытанні вядучага. Аказалася, што ўсе тры ўдзельнікі дэбатаў выступаюць за шматвектарную палітыку, захаванне нацыянальнай культуры і структурныя рэформы. Калі коратка апісаць словы Караткевіч, Улаховіча і Гайдукевіча, то можна ўкласціся ў выраз “мы за ўсё добрае і супраць ўсяго дрэннага”. Без паглыблення ў канкрэтыку.

Хаця часам паміж удзельнікамі ўсё ж прабягала нотка эмацыйнасці. Напрыклад, калі Таццяна Караткевіч запыталася ў Гайдукевіча-малодшага, чаму яго бацька сам не прыйшоў у студыю  сама ж западозрыла Гайдукевіча-старэйшага ў непавазе да людзей. Малодшы Гайдукевіч адпомсціў ёй праз некалькі хвілін, згадаўшы, што “за Караткевіч стаіць апазіцыя, яна хоча Майдана”. Палітык пры гэтым махаў кулаком і амаль не зрываўся ў крык — выглядала даволі эпічна.

Цяжэй за ўсё было Мікалаю Улаховічу. Прынамсі, ён і час свой выкарыстаў толькі з дапамогай вядучага, і нават шчыра прызнаўся, што яму падабаюцца абодва апаненты. “Я тут як патрыарх стаю паміж вамі”, — паведаміў Улаховіч Гайдукевічу і Караткевіч.

А самае цікавае пытанне за гадзіну дэбатаў — “Адкуль вы возьмеце грошы на рэформы?” — прагучала з вуснаў вядучага. Яно засталося без канкрэтнага адказу.

 

Завяршалі свой выступ удзельнікі рэдкага для Беларусі палітычнага шоў па-рознаму. Караткевіч заклікала галасаваць за яе, Улаховіч папрасіў мінчан прыйсці на выбары, а Гайдукевіч-малодшы крыкнуў “Жыве Беларусь!”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі