На Еўра-2016 Хацкевіч балее за Іспанію, Кандрацьеў — за Украіну і Славакію
Былы трэнер нацыянальнай зборнай Георгій Кандрацьеў сімпатызуе Славакіі і Украіне, а ставіць на Іспанію. Форвард "БАТЭ" Віталь Радзівоўнаў аддае перавагу Германіі.
10 чэрвеня ў Францыі стартуе чэмпіянат Еўропы па футболе. Сярод 24 каманд-удзельніц, на жаль, няма зборнай Беларусі, але ж інтарэс да падзеі ад гэтага меншым не становіцца. Цікавімся, за каго будуць балець на Еўра-2016 беларускія трэнеры і футбалісты.
Аляксандр Хацкевіч, галоўны трэнер зборнай Беларусі:
“Нейкіх сімпатый асабліва няма. Але буду балець за іспанцаў, бо гэта футбол, які прыносіць радасць гледачам. Мінулы чэмпіянат у іх не атрымаўся, таму цікава, як яны справяцца гэтым разам”.
Анатоль Капскі, старшыня праўлення БАТЭ:
"Балець буду за Расію, у мяне там працуюць знаёмыя, ёсць футбалісты, якія мне падабаюцца. На першае месца прэтэндуюць Германія, Іспанія, Францыя, Бельгія. Цікава, як выступіць Бельгія, бо яна лічыцца самай перспектыўнай зборнай".
Георгій Кандрацьеў, трэнер ФК "Мінск", былы настаўнік зборнай Беларусі:
"Я буду сімпатызаваць Славакіі і Украіне, бо гэта нашы суседзі па падгрупе, мы з імі гулялі. Але галоўныя тры фаварыты: Германія, Францыя і Іспанія”.
Віталь Радзівонаў, нападаючы БАТЭ і зборнай Беларусі:
"Я аддаю перавагу нямецкай зборнай. Мне падабаецца, як у іх пабудаваная праца. Выйграць чэмпіянат могуць тыя самыя немцы, італьянцы і іспанцы. Могуць быць усялякія нечаканасці, але нешта дакладна сказаць складана. Хтосьці можа "выстраліць"".
Аляксандр Глеб, паўабаронца зборнай Беларусі і турэцкага “Генчлербірлігі”:
“Балець ні за каго не буду, але за матчамі буду сачыць. Мне падаецца, што на першыя месцы будуць прэтэндаваць немцы і іспанцы”.
Аляксандр Гутар, варатар мінскага “Дынама”:
“Балець я буду за дзве зборныя, Іспаніі і Расіі. За Расію, бо гэта суседзі. А наконт Іспаніі… Мне падабаецца той футбол, які яны паказваюць. І на маю думку, яны галоўны прэтэндэнт на перамогу. Але таксама будзе моцная зборная Францыі”.
Ягор Сямёнаў, паўабаронца “Крумкачоў”:
“Балець буду за Расію, за суседзяў. Па традыцыі, фаварытамі будуць Іспанцы і гаспадары французы. Нейкіх “цёмных конікаў”, якія сябе сёлета праявяць, мне назваць цяжка”.
Бонус:
Міхаіл Захараў, галоўны трэнер ХК "Юнацтва":
"Буду балець за іспанцаў. У іх вясёлы чэмпіянат, футбалісты добрыя, арганізацыя. У Лізе чэмпіёнаў дзве каманды, у Лізе Еўропы таксама. Сярод фаварытаў яшчэ Англія. А яшчэ хачу пабалець за Аўстрыю, бо мяркую, што пакажуць добрую гульню".
Уладзімір Беражкоў, былы гендырэктар ХК "Дынама-Мінск", супрацоўнік Федэрацыі футбола:
"Заўжды балею за слабага. Знаходжу сабе прадмет спачування, каго пакрыўдзілі суддзі. Загадзя сказаць, хто гэта будзе, не магу, але разбяруся з першага матча”.
Першы матч "Еўра-2016" паміж Румыніяй і Францыяй пачнецца 10 чэрвеня ў 22:00 па беларускім часе. Завяршыцца чэмпіянат 10 ліпеня.
Фота: by.tribuna.com, pressbal.by