На фэсце "Рок па вакацыях" выступяць :B:N:, Nizkiz і "Мутнаевока"

На фестывалі "Рок па вакацыях", які пройдзе 9 верасня на адкрытай пляцоўцы мінскага рэстарана "Друзья" пры падтрымцы Еўрарадыё, сыграюць :B:N:, Nizkiz і "Мутнаевока". Яшчэ адзін удзельнік фэсту будзе вызначаны праз галасаванне на нашым сайце, якое стартуе ў 12.00 19 жніўня і працягнецца да 15.00 26 жніўня. Усе жадаючыя паўдзельнічаць у фестывалі могуць дасылаць заяўкі на адрас [email protected] да 22.00 18 жніўня. Рэдакцыя Еўрарадыё выбера 10 гуртоў, якія і возьмуць удзел у галасаванні.

"У свой час "Рок па вакацыях" паказваў актуальную на той момант музыку. Я лічу, што і гурты, якія выступяць на сёлетнім фэсце, паказваюць акурат актуальную сучасную музыку. Гэтыя музыкі — героі свайго часу", — тлумачыць выбар каманд галоўны рэдактар Еўрарадыё Віталь Зыблюк.

Нагадаем, фестываль "Рок па вакацыях" упершыню прайшоў 1 верасня 1993 года і карыстаўся вялікай папулярнасцю цягам наступных 5 гадоў. На ім выступалі зоркі і пачынальнікі беларускага рока: "Мроя" (пасля N.R.M.), "Уліс", "Крама", "Новае неба", Rouble Zone, "Тарнада", Аляксей Шадзько і іншыя.

І вось сёлета фэст вяртаецца ў чарговы раз і з новымі героямі беларускага рока. Нязменнай застаецца яго асноўная ідэя ― нефармальная тусоўка для школьнікаў, студэнтаў і ўсіх аматараў добрай музыкі. Арганізатары фестывалю і музычная ініцыятыва "Даём рады" прапануюць разам праводзіць лета з самымі яскравымі, драйвовымі і актуальнымі гуртамі гэтага года!

Кошт квіткоў папярэдне ад 150 000 (танцпляц) да 200 000 (Vip-білет за столікам). Бліжэй да канцэрта квіткі будуць даражэць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі