На Інданэзію абрынуўся вулканічны цунамі, загінула болей за 200 чалавек

На Інданэзію абрынуўся вулканічны цунамі, загінула болей за 200 чалавек

222 чалавекі загінулі ў Інданэзіі ў выніку цунамі, які абрынуўся на населеныя пункты на берагах Зондскага праліву. Як паведамляе ВВС, яшчэ 843 чалавек атрымалі раненні, а 30 лічацца зніклымі без вестак. Пашкоджаныя сотні будынкаў.

Магчымай прычынай цунамі называюць падводныя апоўзні пасля вывяржэння вулкана Анак-Кракатау. Геалагічная служба Інданэзіі зафіксавала вывяржэнне ў пятніцу — яно доўжылася 2 хвіліны і 12 секунд. Над востравам узняўся слуп дыму вышынёй у 400 метраў.

У сацыяльных сетках з’явілася відэа, на якім бачна, як хваля ўразаецца ў пляжны тэнт, пад якім выступаў мясцовы рок-гурт Seventeen, і музыкаў хваляй зносіць са сцэны. Пазней вакаліст гурт апублікаваў відэа, дзе паведаміў, што загінулі басіст і менеджар калектыву, а тры іншыя чальцы гурта і яго жонка зніклі.

Анак-Кракатау ўзнік амаль стагоддзе таму на месцы вулканічнага вострава Кракатаў, які знік пасля магутнага вывяржэння ў 1883 годзе. Першапачаткова Анак-Кракатау быў падводным вулканам, але частыя вывяржэнні ўтварылі новы востраў, які дасягае 300 метраў над узроўнем мора. Вывяржэнні тут здараліся кожныя 2-3 гады.

Цунамі — нярэдкая з’ява для Інданэзіі. Сёлета ў верасні ў выніку такога стыхійнага бедства на востраве Сулавесі загінулі каля 2 тысяч чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі