На кожнага працуючага жыхара Беларусі прыпадае больш за 4000 долараў дзяржпазыкі
Кожны беларус запазычыўся знешнім крэдыторам 1400 долараў. Такую лічбу агучылі 2 лістапада ў Мінску на пасяджэнні круглага стала "Эканоміка без даўгоў. Як рэфармаваць прамысловасць без знешніх фінансавых запазычанняў", перадае БелаПАН.
Калі ўлічыць не толькі знешнюю дзяржаўную пазыку, але і ўнутраную, то гэтая лічба складзе 1900 долараў на кожнага беларуса. Пры разліку толькі на працуючых лічба вырасце больш за 8000 рублёў, ці больш за 4000 долараў. Пра гэта заявіла дырэктар праграмы "Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання" (Sympa) Наталля Рабава. Па яе словах, прырост унутранай пазыкі ідзе за кошт выпуску дзяржаблігацый. Фізіычныя асобы купляюць толькі 10%, астатняе — юрыдычныя асобы, пераважна камерцыйныя банкі. Рабава дадала, што купляць гэтыя аблігацыі ўлады прымушаюць "вядомымі метадамі".
Запярэчыў ёй дырэктар "Агенцтва дзелавых сувязяў" Валянцін Лопан. На яго думку, дзяліць суму дзяржпазыкі на колькасць грамадзян і тым самым "ускладаць і на іх псіхалагічную адказнасць па вяртанні" некарэктна. Эксперт назваў такі падыход "страшылкамі". Ён дадаў, што ніводзін беларус — ад немаўляці да пенсіянера — не мае такой пазыкі, а адказваць за ўсё мусяць чыноўнікі, якія падпісваюць дамовы аб крэдытах.
Дзяржаўная пазыка Беларусі на 1 кастрычніка 2016 года склала 36 млрд рублёў. У параўнанні з пачаткам года яна вырасла на 3,1 млрд рублёў, або на 9,6%.