На матч зборнай Беларусі супраць Балгарыі выклікалі 23 футбалісты
Галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Ігар Крывушэнка выклікаў у каманду 23 гульцы на матч кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2018 супраць Балгарыі і на таварыскі паядынак супраць Новай Зеландыі.
У гэтым спісе пераважаюць футбалісты, якія цяпер прадстаўляюць замежныя клубы: напрыклад, брамнік Сяргей Чэрнік з французскага “Нансі”, абаронца Ягор Філіпенка з ізраільскага “Макабі”, паўабаронца Ігар Маеўскі з казахстанскай “Астаны”. Усяго ў спісе 9 легіянераў з Беларусі.
Трое гульцоў прадстаўляюць мінскае “Дынама” (Андрэй Клімовіч, Аляксандр Сачыўка, Арцём Быкаў), яшчэ трое — барысаўскі БАТЭ (Дзяніс Палякоў, Аляксей Рыяс, Міхаіл Гардзяйчук). З “Шахцёра” ў зборную выклікалі Сяргея Матвейчыка, Ігара Бурко і Дзяніса Лапцева. З жодзінскага “Тарпеда-БелАЗ” — Максіма Скавыша і Аляксандра Макася. З брэсцкага “Дынама” — Дзмітрыя Алісейку і Аляксея Лягчыліна. З “Нёмана” — Паўла Савіцкага.
Матч супраць зборнай Балгарыі адбудзецца 9 чэрвеня ў “Барысаў-Арэне” (пачатак у 21.45). У першым раундзе кваліфікацыі ў групе А беларусы гулялі з балгарамі ў гасцях і саступілі — 0:1. На сёння наша каманда займае пятае месца з шаці ў сваёй групе.