На мяжы з Латвіяй беларускія памежнікі злавілі вялікую групу нелегалаў
Полацкія памежнікі раніцай 16 лістапада затрымалі вялікую групу нелегальных мігрантаў на беларуска-латвійскай мяжы. У Верхнядзвінскім раёне памежны нарад заўважыў тры падазроныя машыны на рэжымнай тэрыторыі, якія выклікалі ў іх падазрэнне.
Тры іншамаркі Ford Focus, Mitsubishi Lancer, Volkswagen Т5 з расійскімі нумарамі былі затрыманыя. У іх ехалі 11 в’етнамцаў — менавіта яны прарываліся ў Еўрасаюз у пошуках лепшай долі. Кіравалі аўто грамадзянін Кыргызстану і двое расіян.
З парушальнікамі праводзіцца разбіральніцтва, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэту.
У гэтыя выходны памежнікі таксама злавілі некалькіх нелегалаў. Так, у Брэсцкай вобласці на мяжы з Польшчай былі затрыманыя расіянін і ўкраінец, якія спрабавалі трапіць у ЕС на заробкі, а ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск” падчас афармлення рэйсу на Мілан затрымалі падазронага маладога чалавека з егіпецкім пашпартам, які яму не належаў. Малады чалавек сказаў, што набыў дакумент у Егіпце, каб трапіць у Еўропу дзеля паляпшэння сваіх жыццёвых умоваў.
Фота з архіву