На Новы год беларусы купілі менш елак, але больш віскі

“Бралі больш, чым у мінулым годзе. Алкаголь дарагі: віскі, ром. Прысмакі дарагія. Да Новага году і на пяць, і на тры мільёны пакупалі”, — гэтак падлічваюць навагоднія пакупкі ва ўніверсаме “Чкалаўскі”. Выходзіць, стол накрывалі па-багатаму!

Але вось ва ўніверсаме “Радзівілаўскі” асаблівай розніцы з мінулым Новым годам не заўважылі: “Тое самае ўсё было, што і летась”, — каротка адказваюць у краме.

Побытавую тэхніку набывалі патанней, прызнаюць у краме “Пяты элемент”.

“Дробную бытавую тэхніку пыталі. Брытвы, фены, шчоткі. Да таго ў нас аксэсуары ёсць: патэльні, посуд набывалі ў падарунак”, — пералічваюць у краме.

У інтэрнэт-краме market shop кажуць, што сёлета шопіліся сціпла:

“Чайнік, мульціварка, абагравальнік, чатыры планшэты, эпілятар, тры патэльні, мясарубка, пыласос, камбайн. То бок, у асноўным, кухонныя прылады”.

Мульціваркі, планшэты і тэлевізары былі ў трэндзе на гэты Новы год ў інтэрнэт-краме gepard.

“У нас сёлета больш продажаў, чым было летась. Але гэта можа быць звязана не з павелічэннем пакупніцкай здольнасці, а з ростам кампаніі”, — тлумачаць у краме.

Папулярная тут мульціварка каштуе да 800 тысяч рублёў да 3 мільёнаў.

На дзіва, зэканомілі гэтаксама і на ялінках: у мінскім лясніцтве засталося 200 штук, не прадалі.

“Горш, чым у мінулым годзе было, не нашмат, але горш. У нас тры кропкі было продажу ў Мінску, можа, рэкламы не хапіла. Мы рэшту аддаём царкве на Раство”, — расказваюць у мінскім лясніцтве.

Сотні елак засталіся таксама на кірмашах у Пінску, прадаўцы збіраюцца адправіць іх на сметнік.

Сярэдні ж чэк з крамаў сталіцы сёлета — каля 800 тысяч рублёў, яшчэ год таму мінчане ў сярэднім закупляліся на 400 тысяч. Навагодні стол у параўнанні з мінулым годам падаражэў на 300-400 тысяч.

Фота - Еўрарадыё з Навагодняга кірмаша ў Пінску

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі