На пасаду старшыні БСДП у трэці раз пераабраная Ірына Вештард

На пасаду старшыні БСДП у трэці раз пераабраная Ірына Вештард

У Мінску пераабіралі кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Шэсць чалавек прапанавалі дэлегаты з’езду на пасаду старшыні партыі. Апроч чаканых Ірыны Вештард і яе першага намесніка Ігара Маслоўскага, былі названыя кандыдатуры Анатоля Сідарэвіча, Віктара Крываля, Паўла Знаўца, Вячаслава Болбата. Але ў выніку галасавалі толькі за трох: Вештард, Маслоўскага і Крываля – астатнія ўзялі самаадвод.

Ірына Вештард кіравала партыяй два папярэднія тэрміны па 2 гады кожны і пагадзілася на трэці тэрмін. Праўда, у сваім выступе перад з’ездам заявіла, што нічога партыйцам абяцаць не будзе апроч “самаадданай працы на карысць партыі і Беларусі”. Маўляў, гэта лепш, чым даваць прыгожыя абяцанні, якія яна не здольная будзе выканаць. Тым не менш, менавіта за яе прагаласавала большасць дэлегатаў – 42 з 82 чалавек.

Іншая справа першы намеснік старшыні партыі і адначасова — актывіст кампаніі “Гавары праўду” Ігар Маслоўскі. Ён у выпадку абрання абяцаў павялічыць пазнавальнасць партыі, працаваць  над павялічэннем колькасці сяброў партыі, наладжваць кантакты і шукаць партнёраў як унутры краіны, так і за яе межамі. Пахваліўся, між іншым, што шмат з кім з замежных патэнцыйных партнёраў мае “асабістае знаёмства”.

Што ж перашкаджала ўсе задумы ажыццяўляць раней у якасці першага намесніка старшыні  і карыстацца на карысць партыі “асабістым знаёмствам” з замежнымі “партнёрамі”, Маслоўскі не ўдакладніў.

У выніку, за Маслоўскага прагаласавалі 38 дэлегатаў. З-за паразы і “няздольнасці шчыльна супрацоўнічаць” з пераабранай старшынёй Ірынай Вештард ён адмовіўся ад прапановы заняць пасаду першага намесніка старшыні, якім ён быў з 2008 года.

Віктар Крываль крытыкаваў абодвух сваіх канкурэнтаў на пасаду старшыні партыі, але за яго ў выніку не аддаў голас ні адзін з дэлегатаў.

Нагадаем, 13 сакавіка ў Мінску прайшоў з’езд БСДП (Грамада), на якім дэлегаты абіраюць кіраўніцтва партыі на чарговы перыяд.

Даведка Еўрарадыё: Вештард Ірына Зянонаўна нарадзілася 17 сакавіка 1953 года ў в. Багушы Смаргонскага раёна. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Хімік, аператар ЭВМ. 
Працавала настаўніцай Каменскай сярэдняй школы Лагойскага раёна і СШ №3 г. Смаргоні, была інспектарам школ г. Смаргоні, звольненая за палітычную дзейнасць.

У БСДП уступіла ў 1991 г. Выбіралася скарбнікам Гродзенскай абласной партыйнай арганізацыі. Неаднаразова выбіралася сябрам Цэнтральнага Камітэта партыі. З 2009 г. старшыня Гродзенскай абласной партыйнай арганізацыі і сябар Прэзідыума БСДП. З 10 кастрычніка 2010 г. намесніца старшыні, з 5 чэрвеня 2011 г. — старшыня БСДП. 

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі