На сцэну Опернага тэатра выведуць жывога каня
У Вялікім тэатры оперы і балета рыхтуецца пастаноўка оперы Уладзіміра Солтана "Дзікае паляванне караля Стаха" паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча. Опера была пастаўленая адзін раз у 1989 годзе і тады атрымала Дзяржаўную прэмію Беларусі
Як піша "СБ. Беларусь сегодня", на днях у Вялікім тэатры адбыўся мастацкі савет, на якім разглядаліся дэкарацыі будучай оперы і знешняе аблічча персанажаў.
Хаця ў 1989 годзе Віктар Скарабагатаў зрабіў сваю рэдакцыю оперы для сцэны, цяперашняя пастаноўка вернецца да арыгінальнай партытуры Солтана. Гэта і просьба нашчадкаў кампазітара, і ўласнае рашэнне стваральнікаў новай пастаноўкі "Дзікага палявання".
Дарэчы, на сцэне будуць не толькі ўражлівыя канструкцыі, якія адлюстроўваюць жахлівую і містычную абстаноўку "Дзікага палявання". Пастаноўшчыкі мяркуюць вывесці на сцэну Вялікага тэатра жывога каня. Праўда, не адказваюць, дзе яго возьмуць — у Белдзяржцырку ці на іпадроме.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.