На швейцарска-італьянскай мяжы загінула беларуская альпіністка
На швейцарска-італьянскай мяжы ў Альпах загінула беларуская альпіністка. З сябрам з Украіны яна падымалася на гару Матэрхорн. Як паведамляе ilmessaggero.it са слоў украінскага альпініста, 20 жніўня падчас пад'ёму жанчыне стала кепска. Яна сказала, што знясіленая, і ўпала на зямлю. З-за непагадзі альпініст доўга не мог звязацца з ратавальнікамі. У гэты час ён заўважыў, што жанчына ўжо мёртвая. Італьянская паліцыя высвятляе, што стала прычынай смерці беларускі. Вядома, што гэта Кацярына Кліманская, ёй было 33 гады. І яна, і яе напарнік вопытныя альпіністы.
Як інфармавала Еўрарадыё, нядаўна ў Грузіі пры спуску з гары Тэтнулдзі загінулі дзве беларускія альпіністкі, яшчэ адна атрымала траўмы.