На Віцебшчыне ў "спіс дармаедаў" уключылі 32 тысячы чалавек

Падатковыя органы Віцебшчыны працягваюць правяраць даходаў і выдаткі фізічных асоб і выяўляць незадэклараваныя паступленні. Як піша газета "Витебские вести", з пачатку года падаткавікі спатрабавалі з грамадзян 3 мільярды рублёў падаходнага падатку.

Па словах першага намесніка начальніка падатковай інспекцыі па Віцебскай вобласці Валерыя Лабацэвіча, за 4 месяцы 2015 года дэкларацыі аб даходах і маёмасці запатрабаваныя ў 1600 чалавек.

Адначасова падаткавікі складаюць спіс працаздольных грамадзянаў, якія не маюць афіцыйных крыніцаў даходу ў Беларусі. Гэта робіцца ў адпаведнасці з дэкрэтам №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Па словах Лабацэвіча, у "рэестры дармаедаў" па Віцебшчыне налічваецца 32 тысячы чалавек. Больш за ўсё іх у Віцебску (7500) і Полацку (4900). Амаль у тысячы ўжо запатрабавалі дэкларацыю аб даходах і маёмасці. Па выніках праверкі са 140 грамадзянаў спатрабавалі падаходны падатак у суме 1 млрд рублёў.

Нагадаем, што заплаціць "падатак на дармаедства" трэба будзе толькі да сярэдзіны 2016 года. Але да таго часу цяперашнія непрацуючыя ўжо могуць і ўладкавацца на працу.

Фота — kommersant.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі