На выбарах у латвійскі парламент прарасійская партыя набрала меней за 20%
На выбарах у парламент Латвіі прарасійская партыя “Згода” набрала 19,9% галасоў. Хоць гэта і найбольшы адсотак у параўнанні з іншымі партыямі, што пераадолелі бар’ер у 5%, але тым не меней “Згода” застанецца ў апазіцыі, бо іншыя партыі ўжо цяпер адмаўляюцца з ёй супрацоўнічаць, паведамляюць замежныя інфармагенцтвы.
Вось вынікі ўдзелу ў парламенцкіх выбарах іншых партыяў: цэнтрысцкая KPV LV (“Каму належыць дзяржава?”) (14,06%), Новая кансерватыўная партыя (13,6 %), партыя “Для развіцця / За!” (12,04%), “Нацыянальнае аб'яднанне” (11,03%), “Саюз« зялёных” і сялян» (9,96%), “Новае Адзінства” ( 6,67%).
Партыя “Згода” пагоршыла свой вынік у параўнанні з 2014 годам, калі яна мела 23%. Пры гэтым яна займае досыць умеркаваную пазіцыю што да пытання становішча рускіх у Латвіі. Больш радыкальны “Рускі саюз Латвіі” не прайшоў бар'ер і не будзе прадстаўлены ў парламенце. За яго прагаласавалі толькі 3,21% выбаршчыкаў.